Жыў‑быў адзін хлопчык. І працаваў ён на будоўлі. І захацелася яму прадоўжыць навучанне ў галоўным універсітэце сваёй любай краіны. І надышоў час іспытаў… І паздаваў ён іх няблага.
І павёз ён дакументы ва ўніверсітэт на завочнае платнае, бо не мог на дзённым вучыцца. Маці ягоная па стане здароўя на пенсію выйшла, а пенсіі той 270 000 рублёў.
Ва ўніверсітэце ж казалі: «Калі захочаце на бюджэтнае перавесціся, памятайце — 75 адсоткаў адзнак выдатных быць павінна». І загарэўся хлопчык гэты ад слоў такіх. І першыя іспыты вытрымаў на выдатна.
Ды праз паўгода памерла маці. І застаўся хлопчык адзін на свеце. І збірае рэчы ён ды зноўку едзе ў горад, маці любую сваю пахаваўшы.
Вытрымаў і другія іспыты. Адзнак выдатных якраз 75% і было. І пачаў ён чакаць пераводу на бюджэт.
Ды адмовілі хлопчыку, бо не браў ён удзелу ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, на адзнакі ягоныя ўвагі мала звяртаючы. І аплату нават часткова не скасавалі, грошы палічыўшы на былым месцы працы ды на новым. Выйшла больш чым 240 000 рублёў на месяц, а значыць, і пражыць можна, і вучыцца.
А хлопец ледзь канцы з канцамі сточваў, а за навучанне ж плаціць трэба было. З гонарам аказаўся, не хацеў пазычаць, дый быў запас на чорны дзень…
І ходзіць зараз ды працу іншую шукае, больш прыбытную, ці хоць мажлівасць падпрацаваць дзе. І калі дзе сустрэнецца, звернецца хлопец гэны да вас, а можа, і не ён, а чалавек з лёсам падобным, ды будзе мажлівасць у вас дапамагчы яму працай — не адварочвайцеся.





