Беларускія турысты сталі радзей выязджаць за мяжу, паведаміў журналістам у Мінску 28 кастрычніка дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віктар Янкавенка.

Паводле яго слоў, за восем месяцаў 2009 года продаж у Беларусі замежных тураў зменшыўся на 8% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Найбольш істотна знізілася колькасць тых, хто жадаў набыць дарагія туры. Усяго ў студзені—жніўні гэтага года імпарт турпаслуг склаў 22,5 млн. даляраў.

Як мяркуе Янкавенка, змяншэнне колькасці тых, хто жадае выехаць за мяжу, — паказчык крызісных з’яў: у беларусаў не хапае грошай на адпачынак за межамі краіны. Пэўную ролю, на яго думку, у гэтым адыграла дэвальвацыя рубля ў пачатку года.

Разам з тым, зазначыў Янкавенка, за студзень—жнівень колькасць іншаземцаў, якія адпачывалі ў Беларусі, крыху павялічылася. Так, аб’ём экспарту турыстычных паслуг узрос на 4% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам і склаў 72,9 млн. даляраў.

За кошт перавышэння экспарту турыстычных паслуг над імпартам дасягнута станоўчае сальда ў памеры 50,4 млн. даляраў. Апрача таго, на 25,3 млрд. рублёў узрос аб’ём турыстычных і экскурсійных паслуг, аказаных насельніцтву Беларусі. «Гэта крыху ніжай за запланаваныя паказчыкі, але гэта рэальны грашовы даход», — зазначыў Янкавенка. Усяго за студзень—жнівень насельніцтву Беларусі было аказана турыстычных і экскурсійных паслуг на 249,8 млрд. рублёў.

Як заявіў Янкавенка, зыходзячы з гэтых паказчыкаў можна зрабіць выснову, што ў цэлым турыстычная галіна «асабліва не адчула крызіс». Паводле яго слоў, ва ўсім свеце вельмі мала краін, дзе паказчыкі працы турызму палепшыліся. У асноўным краіны нясуць страты: скарачаецца колькасць турыстаў, якія прыязджаюць. У Беларусі сведчаннем гэтай тэндэнцыі стала скарачэнне на трэць колькасці транзітных турыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?