Раман Уладзіміра Гніламёдава, у якім ён «разгартае шырокае эпічнае палатно жыцця Заходняй Беларусі ў міжваенны час», я з цікавасцю чакала.

Пачатак падаўся мне пераказам адной з любімых кніг — мемуараў старога берасцейскага камуніста Васіля Ласковіча «З племені няскораных». Яны выйшлі па‑расійску ў 1999 г., і адным з рэцэнзентаў кнігі з’яўляўся дырэктар Інстытута літаратуры, акадэмік Гніламёдаў.

Уладзімір Гніламёдаў «Валошкі на мяжы», раман, («Полымя», №8‑9 2009 г.)

Напэўна, прататып аднаго з асноўных герояў, сябра КПЗБ, падпольшчыка Косці, — якраз Ласковіч. Многія эпізоды з мемуараў Ласковіча ўвайшлі ў раман у дэталях. І перабыванне ў берасцейскай турме, дзе быў тады наглядчык па мянушцы «Конская галава»; і знаёмства там з Аляксандрам Гаўрылюком; і выпадак, калі да вязняў нечакана прыйшоў палескі ваявода Костэк‑Бярнацкі і распарадзіўся выпусціць усіх, акрамя Гаўрылюка. І тое, як Косця, уцякаючы ад паліцыі, выскачыў зімой босым у акно, і, каб не памарозіць ногі, вымушаны быў абкруціць іх ручнікамі, знятымі з крыжоў на вясковых могілках… У гутарцы з аднавяскоўцамі Косця распавядае пра выпадак, таксама расказаны Ласковічам у мемуарах: ён і ягоныя сябры пачапілі на сасне чырвоны сцяг, прымацаваўшы выбухоўку. Паліцыянт палез здымаць сцяг, прыстасаванне выбухнула, і паліцыянт зваліўся з дрэва. (У мемуарах указваецца, што гэта адбывалася на дарозе Брэст‑Мінск, ля вёсак Булькава, Ракітніца, Задзерць, а ў рамане чамусьці — у вёсцы Блядзейкі).

Мемуары Ласковіча кіпяць жарсцямі, і з іх паўстае цікавая карціна тагачаснага жыцця — вачыма старога і мудрага камуніста, які тады быў юным і бесшабашным. Героі Ласковіча — сябры і ворагі — выглядаюць жывымі людзьмі.

Ад рамана ж пачуцця жывасці не ўзнікае. Рэалізм рамана можна назваць сацыялістычным, але ў той яго разнавіднасці, якая не карэлюецца з рэалізмам жыцця і не заўважае неад’емнай часткі рэальнасці — невытлумачальнага і дзіўнага вышэйшага сэнсу існавання чалавека. Аўтар сабраў шмат фактаў пра жыццё тагачаснага Берасця і і ваколіц — ад асаблівасцяў святкавання Пасхі да тонкасцяў функцыянавання бардэлю — але мастацкага пераўвасаблення фактаў у літаратурны твор, па мойму, не адбылося.

Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0