Піша Алег Латышонак.

Калі Польскае радыё Беласток заплянавала цыкл перадачаў, прысьвечаных далучэньню Заходняй Беларусі да СССР, беларускае асяродзьдзе прыняло гэта насьцярожана.

Дырэктар беластоцкага радыё Ежы Мушыньскі ўспомніў нават пра праявы гістэрыі, дый нябеспадстаўна. Усе знаёмыя беларусы адмаўляліся прыняць удзел у інсцэнізацыі «Народнага сходу», які адбыўся ў кастрычніку 1939 г. у сёньняшнім тэатры імя А. Вянгеркі. Адмовіўся і я, палічыўшы ўдзел у нечым падобным мазахізмам.

Увечары 16 студзеня 1995 г. у тэатры імя Вянгеркі ўсе беларускія страхі разьвеяліся, бо беларусаў ніхто і ў нічым не дакараў.

Заля аздобленая была лёзунгамі з эпохі, а над сцэнай, на якой знаходзіўся стол прэзідыюму, вісеў партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Нехта з публікі заўважыў пры нагодзе, што калі б тады павесілі такі скромненькі, шэранькі партрэт Правадніка Народу, пэўна ж некага за гэта расстралялі б. Што ж рабіць, большага партрэта ва ўсім Беластоку не знайшлося.

Заля была амаль запоўненая, у большасьці моладзьдзю зь сярэдніх школаў. Спачатку ўсе выслухалі Е. Мушыньскага, які прадставіў мэту мерапрыемства: стварэньне гуказапісу дзеля выкарыстаньня ў далейшых перадачах, і аддаў голас прафэсару А. Судалу. А. Судал зьўляецца аўтарам небезьвядомай кніжкі «Кулісы чацьвёртага падзелу», а знойдзеная ім стэнаграма Народнага сходу стала асновай сцэнару ўсяго мерапрыемства.

Насуперак маім нядобрым чаканьням (згаданая кніжка вельмі гістэрычная), прафэсар Судал, хаця і ўспомніў пра «нашэ крэсы всходне», але рашуча аспрэчыў удзел беларусаў і ўкраінцаў у змове. Усё‑такі не згаджаюся з А. Судалам у тым, што ў 1939 г. у нашым тэатры прынятыя былі якіясьці рашэньні. На маю думку, рашэньні безумоўна прымаліся ў Крамлі, а не ў беластоцкім тэатры.

Пасьля пачаўся гуказапіс з удзелам актораў і публікі, якую дырэктар Мушыньскі заклікаў да актыўнага ўдзелу. Дырыжыраваў ён, узьнімаючы таблічкі з надпісамі: «Воплескі», «Бурныя воплескі», «Урра».

Статысты працавалі зь вялікім і нястомным захапленьнем, хаця гуказапіс трываў амаль тры гадзіны.

Як толькі аркестар грымнуў «Інтэрнацыянал», усе жвава парваліся зь месцаў і з гэтай пары ўставалі, апладыравалі і раўлі «Уррраа!!!» да ўпаду. Пад канец мерапрыемства дырэктар Мушыньскі нагадваў вучня чарнакніжніка, які выпусьціў джына з бутэлькі і ня надта ведае, як яго загнаць назад. «Państwo polubili te role, czasy akademii majowych się przypominają. Ja rozumiem, że chcialoby się coś zaśpiewać», – заўважыў. «Да здравствует радио Белосток!», — пачуў ён у адказ з залі.

Прафэсар А. Даброньскі, міністар па справах вэтэранаў вайны, які засядаў у прэзыдыюме, выглядаў яшчэ больш зьбянтэжаным. «Niektórzy za gorliwie krzyczeli», — заўважыў і прапанаваў арганізаваць дзеля раўнавагі нейкае мерапрыемства ў гонар Пілсудзкага. Ягоныя словы гінулі ў грукаце крэслаў, бо публіка ўжо пакідала залю. Сёй‑той, пачуўшы прапанову міністра, перакідаўся задумамі новых хэпенінгаў: 1 Траўня, акцыя «Вісла» і нават «17 верасьня». Безумоўна, было б цікава.

Наглядаючы ўважліва за ходам мерапрыемства, пачынаў я цьмяна разумець лёгкасьць, зь якою маніпулююць людзкой масай. Калі іншыя б’юць у далоні, устаюць і крычаць «урра», дык самому хочацца рабіць тое ж разам зь людзьмі. Успомніў сьвяточны колішні першамайскі настрой, а быў жа ж такі. Задумаўся нарэшце пра гэты трыццаць дзявяты год.

Калі саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, дык загадалі, цяпер гэта ўжо ведаем зь іхных дакумэнтаў, браць да супрацоўніцтва зь ліку тубыльцаў выключна дэбілаў. Цяжка паверыць, але так было. Думаць мелі толькі прышэльцы.

Далучэньне Заходняй Беларусі, хаця раней дамоўленае з Гітлерам, патрабавала нейкага апраўданьня перад сьветам. Трэба было, каб праявілася народная воля. Таму няпраўду гаворыць прафэсар Судал пра нейкія «кулісы» і «тайны». Стэнаграма Народнага сходу разасланая была ва ўсе савецкія пасольствы, каб кожны дэмакрат у сьвеце мог прачытаць, якім дэмакратычным чынам усё адбывалася.

Сцэнар Народнага сходу заплянаваны быў да апошняй дробязі. Бедненькая інсцэнізацыя дзеля патрэбаў радыё аніякім чынам не адлюстроўвала тадышняе багацьце. Даволі сказаць, што дзяўчынку, якая ўзьняла вокліч «Няхай жыве Беларусь!», тады ўнесьлі на сцэну ў вялізным кашы, поўным кветак.

Ня трэба быць дэбілам, каб, пабачыўшы і пачуўшы такое, устаць і крыкнуць «ура!». А што тут гаварыць пра натоўп «выбраных» тады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?