Беларускае тэлебачаньне абвінаваціла Камітэт у абарону рэпрэсаваных «Салідарнасьць» у несправядлівым разьмеркаваньні дапамогі й карупцыі. У нядзельнай тэлепраграме «Ў цэнтры ўвагі» сьцьвярджалася, што стыпэндыі ў беларускіх студэнтаў, якія з палітычных прычынаў выехалі вучыцца за мяжу, малыя, умовы пражываньня дрэнныя, што паехалі туды дзеці апазыцыянэраў, а ня ўдзельнікі намётавага гарадку. Старшыня камітэту Іна Кулей зьняпраўдзіла гэтыя абвінавачаньні й заявіла: падтрымка рэпрэсаваным будзе пашырацца.

Дзяржаўнае тэлебачаньне заклапочана ажыцьцяўленьнем студэнцкай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, якую фінансуе польскі ўрад. Нагадаем: ад 1-га чэрвеня гэтага году па ёй пачалі навучаньне 233 студэнты. Адбор вёўся з трох крытэраў: гэта мусілі быць студэнты, адлічаныя з унівэрсытэтаў, абітурыенты, якія былі на плошчы ў намётавым гарадку, і дзеці актывістаў апазыцыі – з тых, хто падпаў пад рэпрэсіі.

Адносна стыпэндый і ўмоў пражываньня студэнтаў старшыня Камітэту Іна Кулей сказала:

(Кулей:) «Усё, што было прапанавана ад польскага ўраду, – усё выконваецца. Адзінае, што ёсьць розьніца: адна справа, калі студэнты ўжо вучацца ў навучальнай установе (а гэта пачнецца з 1-га кастрычніка); іншая ж справа – цяперашняе інтэнсіўнае навучаньне польскай і ангельскай мовам, а таксама інфарматыцы (па агульнай праграме). Яны харчуюцца разам, езьдзяць у вандроўкі. І таму фінансавыя сродкі зусім інакш разьмяркоўваюцца, чым сама стыпэндыя. Жывуць у інтэрнаце. І гэта інтэрнат высокай клясы, я сказала б: па два чалавекі ў пакоі, па два пакоі ў блёку, у якім ёсьць свае куханька й лазенка».

Яшчэ невялікая частка студэнтаў накіруецца на вучобу ў Чэхію, Нямеччыну, Францыю, Нарвэгію, Румынію і Ўкраіну.

Паводле Іны Кулей, гэтыя студэнты ўтвораць моцную моладзевую дыяспару, якая возьме актыўны ўдзел у беларускіх падзеях і будзе вучыцца на карысьць новай Беларусі.

Неўзабаве распачнецца праграма дапамогі людзям, звольненым у Беларусі з працы за палітычную пазыцыю. Іх маюць уладкаваць на працу ў адну з польскіх будаўнічых фірмаў. Зь верасьня стартуе праграма адраснай дапамогі «Сям’я – сям’і» – накшталт той, што дзейнічала падчас польскай «Салідарнасьці». Паводле Іны Кулей, Камітэт працуе адкрыта, і якраз ягонай актыўнасьці напалохаліся беларускія ўлады.

(Кулей:) «Уладзе хочацца аблаяць менавіта тое, што працуе, што разбурае страх у людзях. Канечне, такую тэму ўладам вельмі хочацца паліць брудам. І будуць паліваць. Вось сьмяёмся сабе: гэта ёсьць узнагародай і дэмакратычным сілам Беларусі, і Камітэту абароны рэпрэсаваных за добрую працу, калі паказваюць, пачынаюць шукаць, чым зачапіць. Калі б нічога не рабілася, то ніхто й не гаварыў бы пра гэта. Таму, я думаю, мы яшчэ лепей будзем працаваць. І тады кожны чалавек адчуе, што ён не пакінуты, што ён абаронены».

Камітэт у абарону рэпрэсаваных «Салідарнасьць» пачаў сваю працу 5 красавіка гэтага году. Ён створаны ў адказ на рэпрэсіі дзейнага рэжыму супраць грамадзянаў, якія бралі ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі на баку апазыцыі. Па дапамогу ў Камітэт зьвярнуліся каля 700 чалавек.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0