Два афіцыйныя выданьні для моладзі ўваходзяць у голдынг з «Настаўніцкай газетай». І «Раніцу», і «Бярозку» рэдагуе Сьвятлана Яскевіч. Некалькі гадоў таму выданьні мелі праблемы з друку, цяпер усё нармальна.

Пад глянцавай вокладкай «Бярозкі» – наклад яе крыху большы зы тысячу -- хаваецца разнастайны матэрыял для падлеткавай аўдыторыі. Тут і «кампутарная» старонка, і парады модніцам і тым, хто зьбіраецца стаць тэлевізійным вядоўцам. Ёсьць рэцэнзіі на кніжныя і кіношныя навінкі, а таксама старонка для маладых літаратараў. Належная ўвага надаецца праблеме каханьня і рок-музыцы. На апошняй старонцы зьмешчаны беларускамоўны сканворд.

Зьдзівіла хіба гутарка з расейскамоўным пісьменьнікам Валянцінам Масьлюковым, які працуе ў жанры фэнтэзі. У матэрыяле ён называўся – ні многа, ні мала – беларускім Толкіенам.

Газэта «Раніца» значна саступае «Бярозцы» ў якасьці друку, дый падборка матэрыялаў тут слабейшая. Чаго толькі варты матэрыял з «Славянскага базару» пад загалоўкам «Гонар славянскіх народаў» і з фатаздымкам Алы Пугачовай. Але і ў газэце маладзёны знойдуць цікавую для сябе інфармацыю – розныя мэдычныя і псыхалягічныя парады. Тыраж «Раніцы» – каля 2500 ас.

Гэта ня дзіва: абодва выданьні ўнікаюць «вострых», спрэчных тэмаў, самых цікавых для моладзі. Да таго ж, абодва выданьні не прадаюцца ў шапіках, распаўсюджваюцца толькі праз падпіску. Між тым моладзь зусім адвыкла што-кольвек падпісваць. Дзяржава не абмяжоўваецца кантролем за зьместам выданьняў, яна яшчэ й трымае іх на фінансавым кручку ведамаснай падпіскі. У выніку выданьні ліпеюць, а моладзь далей русіфікуецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?