Тыдзень Сыса на НН — у гэтыя дні пракляты паэт мог бы святкаваць 50-ы дзень нараджэння.
    У гэтай краіне не маю я дому,
    вось воблака — сяду і ў свет палячу
    над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
    ні грошай, ні славы — я волі хачу.
    У гэтай краіне не маю я долі,
    вось посах і торба і сотні дарог.
    Па долю пайду. Не вярнуся ніколі.
    Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.
    У гэтай краіне не маю я Бога,
    ушчэнт разапселі яго святары:
    дзе церні павінны насіць — носяць рогі,
    які ж тагды Бог, калі служкі звяры?
    У гэтай краіне не маю я роду,
    забыўся народ мой наймення дзядоў,
    і свету не бачыць далей азяроду,
    і дзецям не дорыць на шчасце падкоў.
    У гэтай краіне не маю я песні,
    якая б народнай была і маёй,
    якую б сябрына запела ў Бярэсці,
    а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзвіной…
    У гэтай краіне не маю я дому,
    вось воблака — сяду і ў свет палячу
    над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
    ні грошай, ні славы — я волі хачу,
    бо ў гэтай краіне не маю я волі…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0