Сёньня (8 жніўня) спаўняецца 80 гадоў а. Аляксандру Надсану – кіраўніку Беларускай бібліятэкі-музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане, апостальскаму візытатару для беларусаў каталікоў замежжа, аўтарытэтнаму і грунтоўнаму навукоўцу.

Айцец Аляксандар прыйшоў на сьвет 8 жніўня 1926 г. у заходнебеларускім мястэчку Гарадзея – сёньня гэта Нясьвіскі раён Менскай вобласьці. Увесну 1944 г. ён скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, а праз некалькі тыдняў разам з курсантамі Менскай афіцэрскай школы БКА вымушаны быў пакінуць радзіму. З восені 1944 г. ваяваў у складзе 2-га Польскага корпусу брытанскіх узброеных сіл.

У 1946 г. жаўнеры корпусу былі эвакуяваныя з Апэнінаў у Брытанію, дзе сп. Аляксандар спрычыніўся да стварэньня галоўнай нацыянальнай арганізацыі – Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытыніі. Ён нават цягам двух тэрмінаў быў старшынём ЗБВБ (1951–1953). У 1953 г., пасьля таго як скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту, выехаў у Рым, дзе скончыў легендарную Грэцкую калегію (духоўную сэмінарыю для каталікоў усходняга абраду).

23 лістапада 1958 г. а Аляксандар Надсан прыняў сьвятарскія пасьвячэньні, а ў ліпені 1959 г. вярнуўся ў Лёндан – «служыць тут свайму народу». І гэтая служба працягваецца ўжо 47 гадоў.

Супрацоўнікі «Нашай Нівы» ад усяго сэрца віншуюць а. Аляксандра з днём народзінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0