Малдоўскі ўрад вырашыў выдаліць міратворцаў з Прыднястроўя з дапамогай Страсбуру. Як стала вядома «Независимой газете», урад Малдовы мае намер накіраваць у Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЭСПЧ), а таксама іншыя міжнародныя судовыя інстанцыі пазоў да Расейскай Фэдэрацыі – за незаконнае знаходжаньне на тэрыторыі Малдовы расейскіх войскаў.

Нагадаем: у адпаведнасьці са стамбульскімі пагадненьнямі 1992 г. рэшткі 14-й арміі, дыслякаванай у Прыднястроўі, мусілі апэратыўна пакінуць рэгіён яшчэ ў 1997 (!) г. разам з узбраеньнямі. Аднак апэратыўная група расейскіх войскаў усё яшчэ застаецца на ўсходзе Малдовы. Расейскія ваенныя пры гэтым спасылаюцца на тое, што ня могуць пакінуць без кантролю склады боепрыпасаў у прыднястроўскім сяле Калбасьня. Вывазу снарадаў супрацьдзейнічаюць улады непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі. Кішынёў лічыць тлумачэньні лухтой. Больш за тое, малдоўскія палітыкі, у тым ліку і прэзыдэнт Уладзімер Варонін, наўпрост зьвязваюць неўрэгуляванасьць канфлікту з прысутнасьцю ў рэгіёне расейскіх ваенных, у тым ліку і міратворцаў.

Улічваючы ўсё гэта, малдоўскае кіраўніцтва яшчэ ў ліпені склікала міжнародную канфэрэнцыю «Размарожваньне замарожанага канфлікту: аспэкты сэпаратысцкага крызысу ў Малдове», на якой быў прэзэнтаваны даклад Нью-ёрскай асацыяцыі адвакатаў. Даклад утрымліваў шэраг парадаў. У тым ліку Кішынёву параілі падаць на Расею ў суд.

Але дырэктар Малдоўскага інстытуту грамадзкай палітыкі Аркадзь Барбарош сказаў у інтэрвію «НГ», што ў Страсбурскі суд зьвяртаюцца фізычныя асобы, а не юрыдычныя. Таму пазоў, напэўна, будзе перададены ў Гаагу. Але ў Страсбур могуць зьвярнуцца грамадзяне альбо група грамадзян Малдовы. Прэцэдэнт ёсьць: летась група сялянаў з Прыднястроўя зь вёскі, што кантралюецца Кішынёвам, паскардзілася яна Расею ў ЭСПЧ. І пазоў ужо прыняты да разгляду.

Независимая газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0