Трагедыя здарылася на станцыі Крыніца, што ў Маладзечанскім раёне.

Начальнік лінейнага пункта станцыі Уша Сяргей Бараноўскі расказаў «Рэгіянальнай газеце», што ў 20 гадзін 20 хвілін да іх патэлефанавала білетны касір станцыі Крыніца і паведаміла, што грузавы цягнік наехаў на двух мужчын, што ляжалі паміж рэйкамі на пуцях.

Да таго часу, як здарыўся няшчасны выпадак, мужчыны сядзелі на лаўцы і распівалі спіртныя напоі.

Машыністы паведамілі, што падчас руху цягніка бачылі, як адзін мужчына крыху ўстаў і прыпадняў свайго сябра. Машыністы пачалі сігналіць і прынялі экстраннае тармажэнне. Але на сігналы мужчыны не звярнулі ўвагі. Тармазны шлях цягніка складае адзін кіламетр 200 метраў.

Асобы загінулых устанавілі. Адзін мужчына быў 1965 года нараджэння. Жыў ён у вёсцы Крыніца, меў сына. Працаваў у сельгасвытворчым кааператыве «Усход-агра». Яго характарызавалі як прыстойнага чалавека.

Другі – 1973 года нараджэння. Жыў у вёсцы Выверы разам з маці. Нідзе не працаваў. Злоўжываў спіртным.

Па словах Сяргея Бараноўскага, людзі, якія трапляюць пад колы цягніка, у асноўным не выжываюць. Цяпер расследаваннем гэтага здарэння займаецца пракуратура.

Надзея Станкевіч, «Рэгіянальная Газета»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0