Паніка можа быць страшнейшая за эпідэмію. Перад тым як бегчы ў аптэку па немавед што, карэспандэнты НН даведаліся ў доктара Змітра Салошкіна, з чым ядуць гэты свіны грып і чым ад яго ратавацца.

«Наша Ніва»: Што такога страшнага ў свіным грыпе?

Зміцер Салошкін:

Грып з вірусных хваробаў выклікае найбольш увагі, бо ён вельмі зменлівы. Да яго немагчыма прыстасавацца і выпрацаваць сталы імунітэт.
Раз на пэўную колькасць гадоў ён кардынальна мяняецца. З гэтым звязаныя эпідэміі, якія ахопліваюць цэлыя кантыненты. Свіны грып небяспечны тым, што гэта зусім новы від віруса.

«НН»: Чым увогуле грып розніцца ад іншых прастудаў?

ЗС: Ён мае больш цяжкае цячэнне і праявы. Тэмпература збіваецца горш і на меншы тэрмін. Ярка выражаныя праявы інтаксікацыі. Калі гэта грып, то чалавек будзе некалькі дзён ляжаць, збіваць тэмпературу на 30 хвілінаў ці пару гадзінаў. Яму не будзе хацецца ні есці, ні піць, ні задавальненняў — нічога. Плюс яшчэ грып хутка перадаецца.

«НН»: Сёння ў людзей ідзе стойкая асацыяцыя: свіны грып, эпідэмія, усе памруць…

ЗС:

Паніка ідзе ад таго, што гэта новае захворванне. Не трэба думаць, што ад свінога грыпу людзі будуць паміраць, як ад халеры напрыклад. Хутка ў людзей выпрацуецца імунітэт, і A/H1N1 адступіць.

«НН»: Ці вялікая рызыка памерці ад свінога грыпу?

ЗС: Паміраюць не наўпрост ад грыпу, а ад яго ўскладненняў. Напрыклад, пнеўманіі. Дзеці, старыя ці людзі з паніжаным імунітэтам у небяспецы пры любой віруснай эпідэміі. Падчас звычайнага грыпу ў часткі хворых бываюць цяжкія праявы, сардэчная недастатковасць ці паражэнне лёгкіх.

«НН»: Але насамрэч прычына смерці можа хавацца ў грыпе?

ЗС: Заўсёды можна сказаць, што чалавек памёр не ад свінога грыпу, а ад пнеўманіі. Калі ісці далей у гэтай гульні словаў, усе людзі на свеце паміраюць ад сардэчнай недастатковасці. На што б яны ні хварэлі, урэшце спыняецца сэрца і чалавек лічыцца нежывым.

Чалавек захворвае на грып, які выклікае запаленне ў арганізме. Лёгкія — адзін з першых органаў, што трапляецца на шляху інфекцыі. Адбываецца запаленне, якое можна інтэрпрэтаваць як пнеўманію. Далей можа быць прыгняценне імунітэту, развіваецца татальная рэакцыя ў лёгкіх, што выклікае парушэнне дыхання, сардэчнай дзейнасці і смерць чалавека. Далей ідзе гульня. Калі патрэбна па статыстыцы, каб гэта было не ад грыпу, то будзе запісана: вірусная пнеўманія. Калі не патрэбна — запішуць: ускладненні ад грыпу.

Галоўнае, каб не выйшла так, што ўсіх будуць залічваць як хворых на грып, нават людзей з інфарктамі і болямі ў грудзях.

Нагнятанне істэрыі небяспечнае, бо ўсе пачынаюць думаць толькі пра грып і забываюцца на іншыя хваробы
.

«НН»: Калі гэта ўсё ж такі грып. Чым лячыцца?

ЗС: Гарантаванага прэпарату няма. Збольшага гэта дапаможныя прэпараты, розныя чалавечыя інтэрфероны, якія закапваюць у нос і падвышаюць імунны бар’ер.

Не варта пераносіць цяжкія праявы грыпу на нагах. Не трэба баяцца, што без цябе заваліцца праца фірмы ці ўстановы.

«НН»: А як жа часнык, цыбуля, гарбата?

ЗС:

Чалавек, які верыць у часнык ці алей чайнага дрэва, адчувае сябе абароненым. У яго лепшы настрой, выпрацоўваюцца эндарфіны, якія стымулююць арганізм і трымаюць у тонусе. Выпрацоўваюцца стандартныя ахоўныя рэчывы (інтэрфероны, імунаглабуліны) і ўскосна сапраўды ён больш абаронены ад вірусаў.

Такім чынам, можна і сэкс параіць людзям. Гэта таксама вялікі выкід эндарфінаў, якія будуць мець супрацьвіруснае дзеянне. Псіхіка чалавека — нашмат мацнейшы інструмент, чым гэтыя лекі.

«НН»: Дык варта проста заставацца ў пазітыўным настроі? І не абавязкова насіць павязкі?

ЗС:

Павязкі — гэта штучны бар’ер, які дапамагае, калі ты ездзіш у метро ці ў аўтобусе. Прычым маску трэба мяняць кожныя 2-3 гадзіны.
Але калі чалавек будзе ў стрэсе, павязка яго не ўратуе. Бо на гэты стрэс арганізм будзе выкарыстоўваць унутраныя сілы, якія маглі б пайсці на будаўніцтва інтэрферонаў і процістаянне інфекцыям.

* * *

Інтэрфероны

гэта пэўныя бялкі з падобнымі ўласцівасцямі, якія выдзяляе арганізм у адказ на з’яўленне віруса. Чалавечыя інтэрфероны прадаюцца ў ампулах. Іх трэба разбаўляць і закапваць у нос. Пакуль інтэрфероны жывыя, яны бароняць ад вірусаў.

Усе навіны на тэму эпідэміі грыпу, парады, даведкі і жарты

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?