У Мінску з 6 лістапада ўведзены проціэпідэмічныя мерапрыемствы. Адпаведную пастанову «Аб правядзенні проціэпідэмічных мерапрыемстваў у перыяд эпідэмічнага ўздыму захворваемасці на ВРВІ і грып у Мінску» падпісала першы намеснік галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Мінска Наталля Жукава.

На перыяд правядзення проціэпідэмічных мерапрыемстваў у арганізацыях аховы здароўя ўводзіцца комплексны план па барацьбе з грыпам. Ён прадугледжвае рэгулярнае праветрыванне, вільготнае прыбіранне памяшканняў з выкарыстаннем дэзінфекцыйных сродкаў. Арганізуецца пастаяннае нашэнне персаналам ахоўных масак.

У паліклініках горада будзе дзейнічаць грыпознае аддзяленне для прыёму хворых з сімптомамі грыпу і ВРВІ, хворых з сімптомамі ВРВІ паліклінікі таксама будуць абслугоўваць і лячыць дома.

Акрамя таго, плануецца прыцягваць да работы дактароў іншых спецыяльнасцей, а таксама асоб, якія навучаюцца ў інтэрнатуры, ардынатуры, студэнтаў старэйшых курсаў медыцынскага універсітэта пасля папярэдняга інструктажу аб мерах асабістай прафілактыкі грыпу. Максімальна абмяжоўваюцца прыём у дзіцячых паліклініках здаровых дзяцей да 3-х гадоў і прафілактычныя медыцынскія агляды школьнікаў.

У бальніцах сталіцы абмежаваны наведванні хворых сваякамі.

У дзіцячых дашкольных і агульнаадукацыйных установах павінны выконвацца тэмпературны рэжым, рэжым праветрывання, праводзіцца вільготнае прыбіранне памяшканняў з выкарыстаннем дэзінфекцыйных сродкаў. Абмежавана правядзенне масавых відовішчных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, наведванне дзецьмі выстаў, музеяў і г.д.

Вільготнае прыбіранне з выкарыстаннем дэзінфекцыйных сродкаў павінна быць арганізавана і ў пасажырскім транспарце, прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання, а на апошніх яшчэ і дэзінфекцыя сталовага посуду.

У мінулым сезоне проціэпідэмічныя мерапрыемствы былі ўведзены ў Мінску з 29 студзеня па 20 сакавіка 2009.

Усяго за названы перыяд захварэлі 171,4 тыс. чалавек, або 9,5 працэнта насельніцтва горада. Удзельная вага дзяцей у структуры хворых склала 46 працэнтаў. За час эпідэмічнага ўздыму шпіталізавана 1448 чалавек (0,8 працэнта ад колькасці хворых), у тым ліку 90 працэнтаў дзяцей да 14 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?