У нядзелю, 8 лістапада, пройдзе заключны тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Інтрыга: хто будзе трэцяй камандай, што пакіне «вышку», і хто заваюе бронзу.

Нагадаем, што БАТЭ датэрмінова заваявала залатыя медалі чэмпіянату, выйграўшы першынство шосты раз, сярэбраныя ўзнагароды датэрмінова заваявалі мінскія «дынамаўцы».

Пасля 25 тураў: БАТЭ – 59, Дынама Мінск – 47, Дняпро – 40, Нафтан, Шахцёр – 38, Тарпеда – 37, Дынама Брэст – 35, Нёман – 34, Мінск – 33, Віцебск – 31, МТЗ-РІПА, Гомель – 29, Граніт – 22, Смаргонь – 15.

«Смаргонь» і «Граніт» датэрмінова аформілі сабе паніжэнне ў класе.

А вось на бронзу нацыянальнага першынства, як і на трэцюю чорную метку ў першую лігу прэтэндуе некалькі клубаў.

За бронзу змагаюцца: магілёўскі «Дняпро», наваполацкі «Нафтан» і салігорскі «Шахцёр» і нават захоўвае шанцы жодзінскае «Тарпеда» (37 балаў).

«Дняпро» згуляе ў гасцях з мінскім «Дынама», якому яно саступіла днямі ў 1/8 фіналу Кубку Беларусі. «Шахцёр» адправіцца ў госці да аўтсайдэра «Граніта», «Нафтан» паедзе ў Брэст, а жодзінскае «Тарпеда» наведае Гродна.

Куды цікавей з аўтсайдэрамі. На зусім не запаветную трэцюю пуцёўку прэтэндуюць тры клубы.

Як бачым, МТЗ-РІПА і «Гомель» маюць па 29 балаў, а ў «Віцебска» на два балы болей -- 31.

Але «Віцебск» і МТЗ згуляюць між сабой у горадзе над Дзвіной, а «Гомель» адправіцца ў госці да чэмпіёна краіны БАТЭ.

Тэлеканал «Лад» будзе трансляваць у жывым эфіры матч «Віцебск» – МТЗ-РІПА. Пачатак а 14-й.

Наогул усе гульні апошняга туру пачнуцца а 14-й.

На наступны год у вышэйшай лізе выступіць 12 клубаў,

пуцёўку ў эліту заваявала «Белшына», што станавілася чэмпіёнам краіны ў 2001 г.

Пакуль невядома, у якім фармаце пройдзе наступны чэмпіянат: ці гэта будзе турнір у тры колы (33 гульні), ці ў два этапы: два колы (22 туры), а потым каманды разбіваюцца на шасцёркі (1—6 месцы, 7—12 месцы) і зноў гуляюць у два колы, у выніку кожны клуб правядзе па 32 гульні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0