Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка бярэ на ўрачыстыя мерапрыемствы сваіх дзяцей, кажучы ім, што гэта – «іх праца».

«Зразумела, шмат на якія мерапрыемствы, якія я наведваю са сваёй сям'ёй – з Тарасікам, Сафійкай і Хрысцінкаю, альбо са старшымі сваімі дзецьмі – не заўсёды дзеці маюць шмат ахвоты ісці», – цытуе «Украінская праўда» Віктара Юшчанку.

«Але я часта кажу ім: «Вы – дзеці прэзідэнта, і гэта ваша праца». Я павінен даваць прыклад», – дадаў Юшчанка.

«Разумею, што далёка не на ўсіх мерапрыемствах прысутнасць дзяцей лёгкая, перадусім для іх. Але разумею і іншае: з таго, што яны там пачуюць – нейкая часцінка, няхай невялічкая, застанецца ў іхнай памяці. Але гэтая часцінка – гэта тое найважнейшае, што праз 5 ці 10 гадоў сфармуе з іх грамадзян нашай краіны», – зазначыў прэзідэнт Украіны.

Юшчанка заявіў: «Не ўяўляю сабе, як можна нарадзіцца, жыць у краіне і не быць патрыётам. Патрыятызм павінен яднаць нас – локаць да локця. А дзецям мусім перадаць іншую краіну. Нашмат лепшую», – дадаў ён.

У Віктара Юшчанкі ад другога шлюбу трое дзяцей, малодшаму – 5 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка не ўзяў у Кіеў сына Колю. Віктар Юшчанка на сустрэчу з прэзідэнтам Беларусі таксама дзяцей не браў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?