Міністэрства інфармацыі вярнула заснавальніку недзяржаўнай грамадска-палітычнай рэгіянальнай газеты «Мар’інагорская» дакументы, накіраваныя для дзяржаўнай рэгістрацыі выдання.

У афіцыйным адказе ад 2 лістапада міністэрства, апелюючы да арт. 12 (падпункт 1.5 п. 1) закона «Аб сродках масавай інфармацыі», спаслалася на адсутнасць юрыдычнага адрасу ў рэдакцыі выдання.

Па словах Вольгі Кульчанкі — заснавальніцы і дырэктаркі прыватнага выдавецкага прадпрыемства «Тэлеграф-Інфа» (юрыдычнай асобы, якая выступае рэдакцыяй газеты), —

гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Як раней паведамлялася, сапраўды ў кастрычніку ў рэдакцыі «Мар’інагорскай» нечакана ўзніклі праблемы з офісным памяшканнем. 14 кастрычніка арэндадаўца — мясцовы прыватны прадпрымальнік — паведаміў, што Пухавіцкі райвыканкам прымусіў яго скасаваць дамову з прычыны «неплацежаздольнасці» арандатараў. Паведамленне пра гэта арэндадаўца даслаў рэдакцыі, райвыканкаму і Міністэрству інфармацыі.

Але, паводле спн. Кульчанкі, скасаванне не мела законнай падставы і супярэчыла ўмовам дамовы арэнды. Таму пытанне было вырашана ў той жа дзень, і газета захавала за сабой юрыдычны адрас, таксама тэрмінова паведаміўшы пра гэта ў Мінінфармацыі.

30 кастрычніка кіраўнік сектару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканадаўства Мінінфармацыі Віктар Гурэцкі асабіста тэлефанаваў Вользе Кульчанка і яе арэндадаўцу і перапытваў, ці ёсць у рэдакцыі юрыдычны адрас. Абодва пацвердзілі, што дамова на арэнду памяшкання з рэдакцыяй «Мар’інагорскай» газеты засталася ў сіле.

Заснавальніца будзе дамагацца паўторнага разгляду дакументаў міністэрствам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?