8—9 лістапада прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі наведае з рабочым візітам Казахстан.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ўрада, у праграме візіту — перамовы Сідорскага з прэм'ер-міністрам Карымам Масімавым у фармаце сам-насам і пашыраным складзе, а таксама сустрэча двух прэм'ераў з прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым.

Аб сваіх планах наведаць Казахстан Сідорскі паведаміў 24 верасня ў Мінску на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Казахстана Серыкам Ахметавым. Ён заявіў, што падчас гэтага візіту мае намер абмеркаваць з казахстанскімі калегамі пытанне аб удзеле Беларусі ў працэсе індустрыялізацыі Казахстана.

«Беларусь можа зрабіць свой унёсак у вырашэнне прыярытэтнай задачы Казахстана па правядзенні глыбокай індустрыялізацыі краіны», — сказаў Сідорскі.

Ён паведаміў, што беларускія спецыялісты завяршаюць працу над картай індустрыялізацыі Казахстана, якая прадугледжвае стварэнне сумесных вытворчасцей, у тым ліку ў сферы сельскагаспадарчага і цяжкага машынабудавання.

Паводле афіцыйных звестак, Казахстан займае трэцяе месца ў аб'ёме знешняга гандлю Беларусі з краінамі СНД пасля Расіі і Украіны. У студзені—верасні гэтага года тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў 288,1 млн. даляраў ЗША (68,2% да аналагічнага перыяду 2008 года). Экспарт знізіўся на 14,4% (236,1 млн. даляраў), імпарт — на 64,5% (52 млн.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?