9 лістапада ў мінскім магазіне «Містэрыя гуку» адбылася прэзентацыя першай кнігі расійскага рок-музыканта Юрыя Шаўчука «Сольнік».

У кнігу ўвайшла не толькі лірыка гурту «ДДТ», якая стала ўжо класікай («Актрыса Вясна», «Чорны сабака Пецярбург», «Белая рака»), але і вершы, якія раней не публікаваліся і не былі прызначаны для выканання пад музыку, а таксама рэдкія фатаграфіі з дамашняга архіва артыста.

«Гэтая кніга расла некалькі гадоў, — распавёў сваім прыхільнікам Шаўчук. — У мяне іншым разам пішуцца песні, іншым разам — вершы. Як я раблю гэта? Вершы — гэта тэксты, якім не патрэбна музыка. Я цяпер у пошуках знаходжуся, спрабую не тое каб вынайсці, але знайсці нейкую сваю рытміку вершаў — складаную такую, сінкапаваную. Ці то гэта проза, ці то вершы — гэта мне цікава. І пішуцца проста песні: акорд на гітары, радок, акорд — такая ўзаемасувязь. У песні тэкст павінен быць больш празрысты — не такі загружаны метафарамі. Слова, музыка, слова — гэтыя абдымкі і ёсць песня».

Кажучы пра новую канцэртную праграму, частку якой «ДДТ» пакажа ў Мінску 10 лістапада, лідэр гурту паведаміў, што ў ёй выкарыстоўваецца відэаарт, артхаўс сумяшчаецца з музыкай, са светлавымі рашэннямі — гэта «сучасная эклектычная творчасць хэпенінгавага характару, дзе ўсё працуе».

Адказваючы на пытанні маладых прыхільнікаў сваёй творчасці, Шаўчук вызначыў сучасны стан расійскага і беларускага грамадства як «інтэлектуальнае рабства». «Трэба, напэўна, сорак кален Шаўчукоў, Грабеншчыковых і многіх іншых, — заявіў ён, — каб выцягнуць нас усіх з гэтага рабства. Мы ўсе перапалохаліся гэтай «крышку дэмакратыі».

Я памятаю канцэрт 1990 года на стадыёне ў Мінску, памятаю іншыя сцягі, іншыя твары. Але мы ў Расіі і вы ў Беларусі выбралі «старую добрую» дэспатыю — таму што так жыць прасцей».

Падчас прэзентацыі можна было не толькі пагутарыць з паэтам і музыкантам, але і набыць яго кнігу, атрымаць аўтограф Юрыя Шаўчука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?