На каранцін зачыніліся некалькі школаў Астравеччыны, Слонімшчыны і Дзятлава. У Лідзе на канікулы пайшлі ўсе 17 школаў.

У Гродне за апошнія суткі колькасць хворых на грып і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі нязначна скарацілася ў параўнанні з учорашнім днём, паведаміла НН намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Яніна Шарэнда. Калі 10 лістапада па дапамогу да медыкаў звярнулася больш за 2100 чалавек, то сёння гэтая колькасць склала 2098 чалавек, з іх на грып захварэлі 394 чалавекі. Шпіталізаваныя 34 чалавекі. Для параўнання — на мінулым тыдні ў Гродне сярэднесутачная колькасць хворых на ВРВІ і грып вагалася ад 1,6 тыс. да 1,8 тыс. чалавек. На каранцін зачыненыя старэйшыя класы адной з гродзенскіх гімназій.

У Лідзе, другім кантрольным горадзе вобласці, колькасць зафіксаваных 11 лістапада выпадкаў захворванняў у параўнанні з учорашнім паказчыкам скарацілася амаль у два разы: 440 выпадкаў супраць 858. Аднак радавацца з гэтай нагоды не выпадае.

«Скарачэнне колькасці захварэлых амаль у два разы само па сабе пакуль нічога не азначае, усё можа змяніцца ўжо заўтра», — папярэджвае Яніна Шарэнда.
На грып у Лідзе 11 лісапада захварэлі 85 чалавек, 1 хворы шпіталізаваны.

Згодна рашэння Лідскага райвыканкаму ўсе 17 сярэдніх школ у Лідзе прыпынілі працу да 15 лістапада.

З 11 па 17 лістапада пройдуць вымушаныя канікулы ў двух школах Астравецкага раёну, у гімназіі Дзятлава і ў трох школах Слонімшчыны.

Сёння ж аднавіў працу Мірскі мастацкі каледж.

Датычна грыпу А/Н1N1, галоўны санітарны ўрач вобласці Мікалай Кендыш паведаміў, што за ўвесь перыяд росту захворвання на Гродзеншчыне было зафіксавана 20 выпадкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?