Міліцыянты Віцебшчыны выконваюць сёлетні загад міністра унутраных спраў Уладзімера Навумава шукаць паразуменьня з насельніцтвам праз шэфскую дапамогу ды нефармальныя кантакты шляхам выступаў самадзейных выканаўцаў.

Каб зрабіць працу хлебаробаў больш прадуктыўнай, у Віцебскі раён былі накіраваныя міліцыянты-артысты, якія пацешылі сялян ЗАА «Адраджэньне» самадзейным канцэртам проста ў полі. Як мяркуюць у абласным УУС, гэта натхняе на лепшую працу і павышае яе прадуктыўнасьць.

Але ня толькі песьнямі-скокамі дапамагаюць у жніве працаўнікі дручка і жэзла. Райаддзелы ўнутраных спраў накіроўваюць сваіх супрацоўнікаў у вёску і дзеля рэальнай дапамогі. Склалі адпаведныя сьпісы і графікі на Браслаўшчыне і Ушаччыне. З Гарадка паехаў рамантаваць сяльгастэхніку ў гаспадарках «Паўночны» і «Гарадоцкі» ўчастковы інспэктар лейтэнат Макаранка, а ў КУСХП «Кутузава» у якасьці электрыка – ягоны калега капітан Марковіч. Ня толькі ўпарта зьбіраюць камяні на глыбоцкіх нівах штодзённа па пяць мясцовых ахоўнікаў парадку, але яшчэ грамадой вырошчваюць 50 гектараў буракоў, якія замацавала за імі мясцовая ўлада.

Прадстаўнікі Верхнядзьвінскага РАУС пайшлі іншым шляхам – тамака сумяшчаюць прыемнае з карысным. Старэйшы інспэктар апэратыўна-дзяжурнай службы маёр Анатоль Болтрушаў і міліцыянер-кіроўца старшына Андрэй Каськовіч пайшлі ў чарговы адпачынак менавіта ў час жніва, каб на прыватных грузавых машынах паўдзельнічаць у перавозцы збожжа ад камбайнаў на зернеток. Гэта і рэальная дапамога сялянам, і магчымасьць неблагога дадатку да міліцэйскага заробку.

racyja.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0