Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, за час маніторынгу з мая 2009 г. зарэгістравана 165 выпадкаў лабараторна пацверджанага пандэмічнага грыпу А (H1N1).

За перыяд эпідэмічнага ўздыму захворвання на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі з 19 кастрычніка зарэгістравана 139 выпадкаў.

Гэта складае 0,03% ад агульнай колькасці хворых на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі і грып.

На 9 лістапада ў Беларусі паводле звестак Рэспубліканскага навукова‑практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі было зарэгістравана 128 лабараторна пацверджаных выпадкаў захворвання, выкліканых вірусам грыпу A (H1N1). 8 лістапада намеснік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Валянціна Качан паведаміла, што ў краіне зафіксавана 102 такія выпадкі. Паводле афіцыйных звестак (на 4 лістапада), з пачатку ўздыму захворвання на 19 кастрычніка ад пнеўманіі ў Беларусі памерлі 19 чалавек, у сямі з іх лабараторна пацверджана наяўнасць вірусу грыпу А (H1N1).

Міністэрства аховы здароўя падкрэслівае, што маніторынг захворвання на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі сведчыць аб зніжэнні захворвання. 11 лістапада ў параўнанні з 10 лістапада было адзначана зніжэнне колькасці зваротаў на ВРВІ на 29,2% (сярод дзяцей — на 32,9%, сярод дарослых — на 26,8%).

Паводле ведамства, супраць сезоннага грыпу прышчэплена 100% людзей, якія адносяцца да групе рызыкі (883.090 чалавек). Працягваецца вакцынацыя за кошт мясцовых бюджэтаў, сродкаў прадпрыемстваў і асабістых сродкаў грамадзян.

З мэтай папярэджання далейшага ўключэння ў эпідэмічны працэс дзяцей рашэннем мясцовых органаў улады па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя прыпынены навучальны працэс у 1.477 школах і сярэдніх спецыяльных установах, адноўленыя заняткі ў 571 установе адукацыі.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што «на сённяшні дзень назіраецца значнае памяншэнне патоку пакупнікоў у аптэках краіны».

Па стане на 11 лістапада, на аптэчных складах маюцца ў наяўнасці супрацьвірусныя прэпараты «арпетол», «рэмантадзін», аксалінавая мазь.

БелаПАН

Ва Украіне лабараторна пацверджана 85 выпадкаў захворвання пандэмічным грыпам А/H1N1, у тым ліку 16 - смяротных выпадкаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0