Невядомыя махляры адкрылі ілжывы сайт «BelSwissBank’у» на ангельскай мове з правановай выгадна ўкласьці свае сродкі. Пра гэта BYBANNER.com паведаміў начальнік аддзелу маркетынгу «BelSwissBank’у» Павал Архіпцаў.

Наведнікам сайту ад імя «BelSwissBank’у» прапануецца разьмясьціць грашовыя сродкі ў замежнай валюце тэрмінам на 150 дзён пад 1,5% у дзень (540% гадавых). Для гэтага неабходна запоўніць электронную форму з пазначэньнем сваіх зьвестак.

Для праўдзівасьці на сайце разьмешчаная інфармацыя пра банк, графікі з курсамі валют і навіны «BelSwissBank’у», прычым спасылкі вядуць на афіцыйны сайт банку.

Да нядаўняга часу ў самім банку і не падазравалі пра здарэньне. Паводле словаў начальніка аддзелу маркетынгу «BelSwissBank’у» Паўла Архіпцава, апошнім часам сталі паступаць званкі з просьбай расказаць падрабязьней пра паслугі, якія банк не дае. Затым, 8 жніўня адзін з кліентаў банку паведаміў пра ілжывы сайт «BelSwissBank’у».

Пасьля гэтага кіраўніцтва ЗАТ «BelSwissBank» зьвярнулася ў МУС з заявай пра прыцягненьне кібэрзлачынцаў да крымінальнай адказнасьці.

Як высьветлілася, ілжывы сайт «BelSwissBank’у» быў зарэгістраваны ў дамэннай зоне .bz, якая належыць дзяржаве Бэліз, і разьмешчаны ў інтэрнэце па адрасе http://b-s-b.sbn.bz. Фізычна сайт месьціцца ў Маскве, а дамэннае імя зарэгістраванае на маскоўскую кампанію GreenLine Ltd.

Апроч таго, было выяўлена, што ў кантактнай інфармацыі на псэўдасайце «BelSwissBank’у» былі адрасы электроннай пошты, зарэгістраваныя на паштовым сэрвэры Tut.by. Кіраўніцтва банку зьвярнулася да ўладальнікаў паштовага сэрвэру з просьбай закрыць гэтыя паштовыя скрыні, што было тут жа зроблена. Аднак, сёньня ў кантактнай інфармацыі на ілжывым сайце былі зноў пазначаныя адрасы электроннай пошты, зарэгістраваныя на паштовым сэрвэры Tut.by, толькі крыху зьмененыя.

Паводле слоў П.Архіпцава, здарэньне ніяк не адаб’ецца на дзейнасьці «Белсвісбанку» і не паўплывае на ягоны імідж.

Паводле BYBANNER.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0