Надзвычайны ажыятаж вакол сёлетняй навалы грыпу набывае ўсё новыя формы. Тэма антывірусных лекаў, смерцяў ад пнеўманіі не сыходзіць з палосаў газет і вуснаў людзей. Вось ужо і страхавыя кампаніі адчулі кан'юнктуру.

Так, кампанія «Купала» прапануе спецыяльную паслугу: заключыўшы дамову страхавання на выпадак часовай страты працаздольнасці ў выніку хваробы і няшчаснага выпадку, у тым ліку пры захворванні на грып,

кліент за кошт кампаніі атрымлівае магчымасць прайсці бясплатную вакцынацыю ад грыпу вакцынай імпартнай вытворчасці.

Навінка прадугледжвае зніжкі пры сямейным страхаванні, а таксама магчымасць заключэння дамоваў з юрыдычнымі асобамі на карысць іх супрацоўнікаў. У сітуацыі, калі вакцынацыя ў краіне спынілася па прычыне нястачы прышчэпак, а платную вакцыну можна атрымаць толькі па рэцэпце з гербавай пячаткай паліклінікі, прапанова «Купалы» выклікае цікавасць

«Для нашай кампаніі зарэзервавалі 50 вакцын галандскай і французскай вытворчасці», — паведаміў супрацоўнік страхавой кампаніі. Па яго словах, спецпрапанова карыстаецца папулярнасцю ў кліентаў.

«Гэта падобна на рэкламны ход», — выказала меркаванне супрацоўніца кампаніі Белгосстрах.

Па яе словах, увогуле досыць бессэнсоўна страхаваць сезонныя рызыкі, кшталту сёлетняга «свінога» грыпу.

У Белгосстраху можна набыць страхоўку ад раптоўнага захворвання, што можа прывесці да часовай страты працаздольнасці, але адмысловага страхавання на выпадак грыпу няма.

Застрахавацца на выпадак часовай непрацаздольнасці прапануе таксама і Беларускі народны страхавы пенсійны фонд. Аднак, тут гаворка пра вакцынацыю не вядзецца. Кампанія абяцае кампенсаваць рызыку наступлення часовай непрацаздольнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?