А яны круцілі носам, што іх, маўляў, не пачаставалі нават шклянкай вады.


Каля 200 маладых амататарак вечарынак, запрошаных мінулай нядзеляй на элітную імпрэзу ў Рыме, атрымалі даволі нечаканую для сябе прапанову.

Замест кактэйляў і канапэ ім прапанавалі прыняць іслам.

Аказалася, што гаспадаром вечарынкі быў лівійскі лідэр Муамар Кадафі, які прыехаў у італьянскую сталіцу для ўдзелу ў саміце ААН у прадуктовых пытаньнях.

Кадафі пастараўся пераканаць сваіх госцяў у выгодах ісламу, сказаў, што нічога, што абмяжоўвала б правы жанчын, у гэтай рэлігіі няма.

Адбор дзяўчын для вечарынкі быў вельмі жорсткім: кожная госця мусіла быць прыгожай, не ніжэйшай за метр-семдзсят і ў веку ад 18 да 35 гадоў.

Імя гаспадара вечарынкі трымалі ў сакрэце да апошняга моманту.

Вопратка дзяўчын, паводле ўмоў арганізатараў, мусіла быць сціплай — ніякіх глыбокіх дэкальтэ і міні-спадніц.

200 кандыдатак, якія паспяхова прайшлі адбор, прывезлі аўтобусамі ў адзін з самых прэстыжных раёнаў Рыма.

Пасля праверкі ахоўнікамі на ўваходзе дзяўчын праводзілі ў шыкоўную залу. Аднак чакаць пачатку вечарынкі давялося вельмі доўга, пры тым, што, як сказалі некаторыя з іх, ім нават не прапанавалі шклянкі вады.

Прыкладна праз гадзіну сабраным стала вядома, хто ж менавіта іх да сябе запрасіў, а яшчэ праз некаторы час Муамар Кадафі з’явіўся перад сваімі госцямі і цягам амаль дзвюх гадзінаў угаворваў іх прыняць іслам.

Перш чым агаломшаныя дзяўчыны пакінулі часовую рэзыдэнцыю лівійскага лідэра, кожнай з іх быў уручаны асобнік Карана і 50 еўра ў прыдачу, паведамляе Бі-бі-сі.

Некалькімі днямі раней Кадафі ўжо закранаў тэму слабога полу і наракаў на норавы мужчын-суайчыннікаў:

«Жанчыны — як мэбля, яе могуць памяняць, калі захочуць, і ніхто ніколі не спытае, чаму зрабілі менавіта так».

«Свету неабходная жаночая рэвалюцыя, заснаваная на культурнай рэвалюцыі».

Увага Кадафі да слабога полу вядомая. Жанчынам прысвечаны цэлы раздзел яго славутай «Зялёнай кнігі».


Так сказаў Кадафі


Пра жанчын

Жанчына, якая ёсць па прыродзе істотай жаночага полу, мае штомесячныя крывацёкі. Калі ж гэтага не адбываецца, значыць, у яе наступіла цяжарнасць.

Пра парламентарызм

Асноўнае прызначэнне парламента — выступаць ад імя народа, што само па сабе недэмакратычна, паколькі дэмакратыя азначае ўладу самога народа, а не ўладу тых, хто выступае ад яго імя.

Пра партыйнасць

Барацьба партыі за ўладу нічым не адрозніваецца ад барацьбы за ўладу між плямёнамі і кланамі.

Пра рэферэндум

Рэферэндум — фальсіфікацыя дэмакратыі… Гэта найбольш жорсткая і бязлітасная форма дыктатарскага рэжыму.

Пра свабоду самавыражэння

Чалавек як фізічная асоба мусіць мець свабоду самавыражэння і нават калі ён шалёны — мець права свабодна выражаць сваё шаленства.

Пра працу і заробкі

Наёмныя работнікі, якім бы вялікім ні быў іхні заробак, — гэта тыя ж рабы. Праца за плату ёсць рабствам.

Пра асвету

Абавязковая адукацыя, якой хваляцца дзяржавы свету, што здолелі навязаць яе моладзі, ёсць сродкам прыгнёту свабоды, прыгнёту прыродных здольнасцяў чалавека.

Пра мову

Людзі будуць адсталымі, пакуль не змогуць паразумецца на адной мове.

Пра рэлігію

Кожны народ мусіць мець сваю рэлігію.

Пра спорт

Тысячы гледачоў, якія пляскаюць і сьмяюцца, запоўніўшы трыбуны стадыёнаў, — гэта тысячы ўведзеных у зман людзей, якія, ня маючы магчымасці займацца спортам асабіста, бяздзейна сядзяць на трыбунах і пляскаюць чэмпіёнам, якія перахапілі ў іх ініцыятыву… Трыбуны стадыёнаў існуюць адно для таго, каб закрыць масам доступ на спартовыя палі й да спартовых устаноў, не даць магчымасці масам займацца спортам.

Пра бокс

Бокс і розныя віды барацьбы сведчаць, што чалавецтва яшчэ не канчаткова пазбылася перажыткаў варварства.

Пра музыку і тэатр

Тэатральныя і канцэрнтыя залы запаўняюць людзі несур’ёзныя, няздатныя граць у жыцці гераічную ролю, тыя, хто не разумее сэнсу гістарычных падзей і не ўяўляе сабе будучыні. Гэтыя абібокі прыходзяць у тэатры і глядацкія залы, каб паглядзець, як цячэ жыццё…

Пра будучыню

Кіраваць светам будуць чорныя.

А яшчэ
Бацька лівійскага народу спраектаваў самы бяспечны ў свеце аўтамабіль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?