Арнольд Буздыган не атрымае кампенсацыі ад Асацыяцыі Wikimedia Polska за тое, што ў артыкуле ў Вікіпедыі яго абвінавацілі ў тым, што ён троль. Уроцлаўскі апеляцыйны суд пакінуў у сіле вырак, вынесены ў першай інстанцыі.

Тролем інтэрнэт‑карыстальнікі называюць асобу, якая робіць усё, каб раздражняць і правакаваць іншых карыстальнікаў. І такія дзеянні рабіў уласна Арнольд Буздыган. У ягоных выказваннях — ненарматыўная лексіка і шматлікія пагрозы. Сам Буздыган лічыць, што такія абвінавачанні парушаюць ягоныя правы.

Перад судом ён сцвярджаў, што пахабнасць і спрэчны змест у ягоных заявах — правакацыя іншых асобаў, а артыкул у Вікіпедыі шматразова станавіўся прычынай ягоных праблем. Таму ён пажадаў ад Асацыяцыі Wikimedia Polska i яе сакратаркі Агнешкі К. выдалення запісу і змяшчэння на ягоным месцы выбачэнняў. А таксама выплаты 100 тысяч злотых кампенсацыі.

У чэрвені раённы суд вырашыў, што запіс у Вікіпедыі насамрэч парушае асабістыя інтарэсы Буздыгана, але ні Асацыяцыя, ні Агнешка К. не маюць мажлівасці яго прыбраць. Тады суд адхіліў пазоў.

Апеляцыйны суд у аўторак наогул вырашыў, што артыкул не парушае ягоных асабістых інтарэсаў, бо ісцец меў вялікі бізнэс у інтэрнэце і павінен быў ведаць, што ягоная дзейнасць будзе ацэньвацца і крытыкавацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?