Галоўным беларускiм героем фестывалю «Лістапад» сёлета можна называць Генадзя Гарбука — выдатнага артыста тэатра i кiно, але вельмi сцiплага чалавека. Нiякай ганарлiвасцi, нiякага ўзвышэння над iншымi. I гэта пры тым, што ў народнага артыста Беларусi гэта не першая ўзнагарода высокага гатунку.

Нечаканасць

— Пра прыз даведаўся за некалькi дзён да адкрыцця фестывалю, — прызнаецца Генадзь Мiхайлавiч. — Але гэта навiна стала для мяне нечаканасцю. Калi ўручалi Спецыяльны прыз прэзiдэнта, то нездарма я ўзгадаў Ефрасiнню Полацкую. У некаторым сэнсе я яе зямляк — нарадзiўся ва Ушачах. Гэта 40 кiламетраў ад Полацка. I для мяне ўсё жыццё галоўным прынцыпам быў бiблейскi запавет. Калi гэты запавет ёсць у любым вiдзе мастацтва, то тады яно людзям патрэбна. Калi гэтага няма, то твор мастацтва ператвараецца ў забаўляльнасць. А гэта бессэнсоўна.

Адказнасць

— Успамiнаю, цi то ў трэцiм цi то ў чацвёртым класе я быў, калi да нас прыехаў даўгаўпiлскi ваенны тэатр. Сярод групы артыстаў быў адзiн пажылы чалавек — што мне асаблiва запала — насупраць яго прозвiшча было пазначана «заслужаны артыст».

Калi я за ролю Васiля ў фiльме «Людзi на балоце» атрымаў Дзяржаўную прэмiю Беларусi, то прыгадаў таго чалавека. А потым мне самому далi званне залужанага артыста. Што змянялася? З кожнай новай узнагародай толькi павялiчвалася адказнасць. Разумею, што цяпер мяне ўзнагародзiлi больш за мiнулыя працы. Што зробiш — наш акцёрскi лёс пракляты, залежны. Нават нашы дасягненнi залежаць не столькi ад нас, колькi ад iншых. Працы ў кiно — ад таго, як бачаць цябе рэжысёры. Iншая рэч — як ты робiш тое, што табе давяраюць. У гэтым толькi ўсё залежыць ад цябе.

Вучоба

— Не магу падзялiць працы на любiмыя i нелюбiмыя. Любiмыя ролi i спектаклi — тыя, якiя добра атрымалiся. Як можна з iх выбраць нешта адно? Той жа «Знак бяды» цi «Людзi на балоце»… Не паверу ў тое, што ёсць артысты, у якiх усе ролi як пырскi шампанскага атрымлiвалiся. Нас яшчэ ў iнстытуце вучылi беражлiва ставiцца, напрыклад, да правалаў. Яны вучаць лепш, чым удалыя спектаклi. Увесь час думаеш: што ж не атрымалася, што не так? Сумленне грызе, што нешта недадумаў, недаiграў. Гэта i дае душэўны i прафесiйны рост.

Загартоўка

— Вайна вельмi паўплывала на мяне. Падчас вайны мы, малыя, выразалi з паперы i рабiлi салдацiкаў, акопы, блiндажы. Рабiлi дзве армii — ваявалi… Мне iшоў 7‑ы год, калi вайна пачалася. Я павiнен быў iсцi ў школу. Як толькi з’явiлiся партызаны, бацька пайшоў да iх у лес. Уся гаспадарка была на нас са старэйшым братам. Трэба было шмат працаваць, араць зямлю, каб што‑небудзь вырасцiць i ў сям’i было што есцi. Але я не бачыў чалавека, якога б праца сапсавала. А лайдацтва i задаволенасць — могуць. З таго часу можа так i пайшло, што я кавалак хлеба не даядаю — нiбыта iмкнуся, каб засталося на заўтра. Баюся голаду.

Да фiльма «Ворагi» я стаўлюся станоўча не таму, што я там здымаўся. Яшчэ калi прачытаў сцэнарый, то здзiвiла атмасфера пачатку вайны, якая была ў iм адлюстраваная. Памятаю першы дзень вайны — мы сустрэлi яе ў Браславе. Першыя нямецкiя вайсковыя часцi — франтавiкi — не рабавалi. Яны хадзiлi, прасiлi яйкi i сала, але плацiлi за iх маркамi. Зверствы пачалiся, калi з’явiлася жандармерыя. Таму, калi чытаў сцэнарый, здалося, што яго стварыў чалавек сталы. А калi ўбачыў маладую дзяўчыну Марыю Мажар — гэта было прыемнае адкрыццё.

Спадзяванне

Пра беларускае кiно наўрад цi маю права разважаць, бо апошнiя гады быў звязаны з расiйскiм. У Хацiненкi iграў, у Эшпая ў шматсерыйным фiльме «Iван Грозны» — не блытаць з «Царом». Я там iграў святара, якi здаў патрыярха Фiлiпа. З беларускiм кiно цяпер сувязi амаль што няма. Але спадзяюся, што будзе…

Надзеi

— Усяму свой час. Тое, што зрабiў Пiнiгiн да прыходу галоўным рэжысёрам — ужо значны ўклад у гiсторыю Купалаўскага тэатра. Што будзе далей — пакажа час. I маладыя артысты, i мы, сталыя людзi, ускладаем вялiкiя надзеi. Дай Бог, каб яны спраўдзiлiся.

Мара

— Хацелася некалi стаць эстрадным спеваком. Напэўна, упартасцi не хапiла, волi, прабiўной сiлы.

Я ў музычных густах кансерватар. Давялося ў санаторыi ў Сочы слухаць канцэрты Льва Лешчанкi i Iосiфа Кабзона. Лешчанка не пакiнуў уражання. А Кабзон — вялiкае. Амаль дзве з паловай гадзiны спяваў — i як! Я далонi адбiў.

Ёга

— Разам з жонкай Галiнай Iванаўнай займаемся ёгай. Гадоў 30 таму трапiла кнiжка ў рукi, невялiчкая брашура. Паглядзеў з цiкавасцю. А потым былi ў санаторыi, там на лячэбнай фiзкультуры намi кiраваў урач, якi сам займаўся ёгай, нават практыку праходзiў у Iндыi. Гэтая сiстэма — найвялiкшае дасягненне чалавецтва. Ёсць гiгiенiчная частка, ёга дзеля рэлаксацыi плюс асаны. Але калi ўсё рабiць, то часу больш нi на што не хопiць. Я рабiў асаны. Аднак i гэта некалькi гадзiн у дзень можа аднiмаць. Зараз таксама займаюся, але гнуткасць ужо не тая. Ёга патрабуе рэгулярнасцi. Яна дапамагае супрацьстаяць хваробам. Але яна i выхоўвае чалавека, нясе асвету i ачышчае розум.

Характар

— Я не магу патлумачыць i цяпер, як удаецца стварыць нацыянальны характар. Якiмi б амерыканцы нi былi таленавiтымi артыстамi, калi яны iграюць рускiх, то ўсё адно атрымлiваецца ненатуральна, а герой выглядае «а ля русса». Цi наадварот. Ды i з намi, беларусамi, так жа. Як бы мы нi валодалi мастацтвам пераўвасаблення, ёсць рэчы, якiя непераадольныя. Кроў жа не памяняеш.

Ларыса Цімошык, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0