Беларускае кіно можа быць і на расійскай мове, і на англійскай, і на кітайскай. Піша Андрэй Расінскі.

Стваральнікаў беларускай карціны “Правінцыяль” папракнулі за мову. Раз фільм на расійскай мове — значыць неадпаведны.

Не магу пагадзіцца з такімі высновамі. Што да стужкі, то гэта добрая падзея ў беларускім кіно. Мова ў кіно не грае такой вызначальнае ролі, як у літаратуры і ў палітычным жыцці.

Годнае беларускае кіно можа быць і на расійскай мове, і на англійскай, і на кітайскай.

Па-першае, у кіно – свая мова. Гэта мова пластыкі, відовішчаў, змены кадраў. Ад з’яўлення кіно ўвогуле было нямым – і паступова выпрацавала асноўныя свае вынаходкі. Кіно нарадзілася інтэрнацыянальным – і не патрабавала перакладу. Пры гэтым амерыканскія стужкі адрозніваліся ад дацкіх, шведскія – ад французскіх, а нямецкія – ад усіх астатніх. Вынаходніцтва гуку замаскавала адрозненні гутарковаю мовай.

Але пастаўленыя на ангельскай мове фільмы Арджэнта і Берталучы не пераставалі быць італьянскімі. Іяселіяні здымае грузінскае кіно – у Францыі і на французскае мове. Рэжысёр нават паставіў грузінскі фільм пра афрыканскае племя . А Трыер здзіўляе свет англамоўнымі дацкімі стужкамі.

Героі “Прыгодаў Бураціна” і “Гораду майстроў”, знятых на “Беларусьфільме”, размаўляюць на расійскай мове. Але гэта класічныя беларускія карціны. Партызанская прага свабоды і ўсёчалавечае свята непаслухмянасці – гэта стоеная праўда пра нас і нашу краіну.
Затое нядаўняя “Свежына з салютам”, якая рэкламавалася, як камедыя на беларускай мове – тыповы каланіяльны фільм пра тутэйшых абарыгенаў.

Кіно – вельмі дарагая справа, каб сябе акупіць стужкі, знятыя ў Беларусі, мусяць прадавацца па-за межамі краіны. А для гэтага пасуе ўжо мова англійская.

Напрыклад, Віктар Аслюк – адзін з найлепшых беларускіх дакументалістаў. Яго фільмы добра вядомыя за мяжой, але амаль не паказваюцца ў краіне. Аслюк здымае карціны па-беларуску, а для замежнікаў падае ангельскія субтытры, якія сам і складае. Але ў апошніх карцінаў тытраў амаль няма, бо дакументальныя відовішчы негаваркія.

Увогуле, гутарковая мова ў фільме – гэта па вялікім рахунку элемент вобразу. Менавіта таму шматмоўная “Акупацыя” Кудзіненкі і Качана – ідэальная беларуская стужка. Вяскоўцы гамоняць па-беларуску, польская звабніца – па-польску, а расійскі партызан Штыркін – па-расійску.

Беларуская мова будзе ідэальна гучаць у гістарычных карцінах… і ў кінафантастыцы. З сучаснасцю складаней.

Але

важнейшая для беларускай мовы прысутнасць – не столькі ў малалікіх беларускіх фільмах, колькі ў разнастайных дубляжаваных карцінах. Сёння замежныя карціны на беларускую мову аніяк не перакладаюцца на афіцыйным ТБ.
Раней на беларускай тэлевізіі французскія карціны зрэдку падавалі па-беларуску. Цяпер і гэтага нямашака.

Крытычны імпэт варта скіраваць менавіта на гэта.

А беларускія фільмы могуць існаваць на розных мовах. Галоўнае, каб яны былі на мове кіно.

* * *

Рэд. Тэксты ў рубрыцы «Каментары» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з меркаваннем Рэдакцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0