19 лістапада газета «Звязда» надрукавала артыкул пад загалоўкам «З-за чаго легендарны беларускi ксёндз трапiў у рэанiмацыю?»
Ужо ў падзагалоўку выданне выдае адказ: «Жыхары вёскi Мосар, дзе жыве 83-гадовы ксёндз, упэўненыя, што iх духоўнага настаўнiка давялi да такога стану «паклёпнiцкiя артыкулы» ў газетах».

Нагадаем, што «паклёпнiцкiя артыкулы» заключаліся ў публікацыі вынікаў расследавання, праведзенага літоўскай пракуратурай. Згодна з яго вынікамі, Юозас Булька перш быў у антысавецкіх партызанах. А калі трапіў у палон да саветаў, тыя завербавалі яго як агента. Паводле следства, «агент Бімба» забіваў ужо сваіх колішніх сяброў па падполлі. Згодна з інфармацыяй літоўскіх гісторыкаў і пракуратуры, ён браў удзел у больш як пяцідзесяці ліквідацыях, г.зн. забойствах. Літоўскі закон трактуе гэта як злачынствы супраць людзей, якія баранілі незалежнасць сваёй краіны. Забіваў ён звычайных лясных братоў - хлопцаў і дзяўчат, якія паўсталі супраць савецкіх захопнікаў.

Булька мог абараняць сябе ў судзе, незалежным судзе свабоднай дзяржавы, але ў Літву не з'яўляецца. На святара ён быў высвячаны ў Польшчы, а святараваў у Беларусі, бо ў Літве сутыкненні са сваякамі былых партызанаў прыводзілі да канфліктаў.

Публікавала вялікі артыкул пра «агента Бімбу» і НН. Не для таго, каб асуджаць: айцец Юозас Булька сваім жыццём выкупіў сваё мінулае. Але для таго, каб праўда прагучала. З публікацыі «Звязды» няясна, у чым паклёп. Усякае слова нямілае, калі яно на адрас асобы, абласканай лукашэнкаўскімі ўладамі?

Між іншым, журналісты НН былі ў Мосары і на свае вочы пераканаліся, што далёка не ўсе жыхары вёскі добра ставяцца да айца Юозаса Булькі і да ягонай гісторыі. Стаўленне гэтае настолькі ж супярэчлівае, як складаныя суплёты гісторыі нашых нацый, доўгі час акупаваных суседнімі дзяржавамі. Чорна-белая палітра для гэтай гісторыі не пасуе.

Калі «Звязда» не давярае матэрыялам літоўскіх гісторыкаў і пракуратуры, гэта яшчэ не падстава, каб вінаваціць іншыя выданні ў паклёпе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?