Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з нагоды 89-й гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну.

«Дарагія суродзічы! – гаворыцца ў звароце. – Зноў надыходзяць дні, калі мы традыцыйна ўзгадваем Збройны Чын нашых продкаў, якія ў 1920 годзе, перад бальшавіцкай навалай, пайшлі бараніць сваю дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку.

Было іх дзесяць тысяч. Дзесяць тысяч герояў, якія ўзялі на сябе адказнасьць абараніць свой край ад агрэсараў.

У постсавецкім часе цяжка сабе ўявіць, што такое магло адбыцца менш як дзевяноста гадоў таму.

Каб наш край быў вольным, Слуцкіх ветэранаў, якія выйшлі жывымі з таго змаганьня, у Беларусі шанавалі б і паважалі б як герояў, найлепшых сыноў і дачок нашай зямлі. Нажаль, мы сталіся чужой калёніяй. Ня толькі не шанавалі іх акупанты, але і каралі змагароў за іх геройскі Збройны Чын. Пра загінуўшых дзесяцігодзьдзямі ня ўзгадвалі.

Сёньня зьвяртаюся да вас, дарагія суродзіы на Бацькаўшчыне.

Адведайце 27-га лістапада магілы герояў, якія пайшлі ўміраць, каб жыла вольная беларуская дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка.

Суродзічаў у замежжы прашу адзначыць угодкі Слуцкага Збройнага Чыну і прыгадаць імёны змагароў, пра якіх вы ведаеце. Я асабіста прыпамінаю з удзячнасьцю імя случака, Лявона Рыдлеўскага, зь якім пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве і магілу якога адведае наша грамада ў Лёндане.

Віншую ўсіх вас з угодкамі слаўнага Слуцкага Збройнага Чыну. Жыве Беларусь!» – гаворыцца ў звароце Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?