Крытыкаваць апазыцыю за адсутнасьць выразнай праграмы альбо стратэгіі зрабілася звыклай справай. Пры гэтым як бы само сабой мяркуецца, што ўлада сваю праграму са стратэгіяй мае. Але гэты пастулят пры больш дэталёвым разглядзе становіцца далёка не відавочным. Цяжка пазбавіцца ўражаньня, што і ўлада, і апазыцыя дзейнічаюць спантанна, выключна паводле зьбегу акалічнасьцяў. Пры гэтым акалічнасьці мяняюцца, а ўлада і апазыцыя застаюцца кожная на сваім месцы. Але бясконца доўга так заставацца ня можа — нават у Беларусі, дзе нібыта нічога не мяняецца.

Канец старой гвардыі?

Перастаноўкі ў вышэйшых эшалёнах прэзыдэнцкай улады толькі падкрэсьліваюць нязьменнасьць палітычнага курсу. Прынамсі, уяўную нязьменнасьць. Праляскоўскі, паніжаны з пасады намесьніка кіраўніка адміністрацыі да пасады памочніка прэзыдэнта, застаецца галоўным адказным за ідэалёгію. Шэйману, пераведзенаму з пасады кіраўніка адміністрацыі на пасаду кіраўніка выбарчага штабу прэзыдэнта, даручаны, як заўсёды, самы адказны ўчастак працы. Так, некалі, у далёкім ужо 1994-м, малавядомы дэпутат Віктар Шэйман дапамагаў разам з калегам Іванам Ціцянковым абірацца Аляксандру Лукашэнку на першы (і, як высьветлілася, бясконцы) прэзыдэнцкі тэрмін. Імёны абодвух памочнікаў кандыдата атрымалі тады шырокую вядомасьць, дзякуючы «стрэлу ў Лёзна». Шэйман і Ціцянкоў апынуліся тады ў машыне разам з кандыдатам, у якога, нібыта, страляў невядомы злачынца.

Але ж нікому яшчэ не ўдавалася ўвайсьці ў адну й тую ж раку двойчы. Цяжка ўявіць, каб выбары 2006-га году адбываліся паводле сцэнару 1994-га, калі імя пераможцы заставалася не вядомае да апошняга дня. З другога боку, усе памятаюць, што кар’ера Івана Ціцянкова ў Беларусі была гэтулькі бліскучая, колькі нядоўгая. Ці не азначаюць апошнія перастаноўкі, што кар’ера Віктара Шэймана, як перад тым Латыпава, Сівакова ды шмат каго яшчэ, набліжаецца да бліскучага завяршэньня?

Даўжэй за іншых прадстаўнікоў «старой гвардыі» побач з Лукашэнкам можа застацца хіба палкоўнік Паўлічэнка. Але ж і гэтага з пэўнасьцю сьцвярджаць нельга.

Прынамсі, нічога дзіўнага й нечаканага ў тым, што старыя паплечнікі першай асобы ў дзяржаве адыходзяць у цень альбо на нейкі час выходзяць зь ценю, няма. Іншае пытаньне палягае на тым, якое дачыненьне маюць апошнія кадравыя перастаноўкі да прэзыдэнцкіх выбараў?

Увогуле самі па сабе перастаноўкі ў сыстэме вэртыкалі ўлады нічога, вядома, не вырашаюць і не мяняюць. Наўрад ці ў культуры Беларусі, напрыклад, адбудуцца велізарныя зьмены пасьля прызначэньня міністрам колішняга намесьніка дырэктара заводу шкловалакна.

А вось перастаноўкі на тэлебачаньні маюць, здавалася б, самае непасрэднае дачыненьне да выбараў. Але дапусьціць важнасьць гэтых перастановак — значыць, дапусьціць, што ўлада ўсур’ёз рыхтуецца да выбараў, што яна не выключае зьяўленьня моцнага спаборніка, а значыць — барацьбы за прэзыдэнцкую пасаду. Само гэтае дапушчэньне выглядае абсурдным. Няўжо Беларускае тэлебачаньне за апошнія дванаццаць гадоў не апусьцілася настолькі нізка і не даказала сваёй поўнай адданасьці рэжыму, каб узьнікла патрэба тэрмінова «ўзмацняць» ягоны кадравы патэнцыял? Няўжо Азаронак ці некалі Ядранцаў, да прыкладу, былі недастаткова ляяльнымі ці не настолькі адыёзнымі асобамі, каб памяняць іх на Зімоўскага з Казіяткам? І нарэшце, няўжо ў шырокай публікі зьявіліся нейкія альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, каб улада была заклапочаная прафэсійным узроўнем сваіх тэлеканалаў і ўзьдзеяньнем іх на масавую сьвядомасьць? Тады чаму ў галоўных рэдакцыях дзяржаўных выданьняў дагэтуль пануюць ціша ды спакой? Некаторыя апазыцыйныя газэты, у адрозьненьне ад радыё й тэлебачаньня, яшчэ хаця б фармальна існуюць...

За духоўнае адраджэньне!

Паколькі цяперашні рэжым усё больш выразна набывае рысы колішняга савецкага таталітарнага рэжыму і нават гэтага не хавае, можна меркаваць, што ўсе перастаноўкі ўнутры намэнклятуры выкліканыя зусім ня зьнешнімі выклікамі альбо новымі задачамі, але выключна ўнутранымі прычынамі. Гэта могуць быць прычыны апаратныя, кланавыя альбо карпаратыўныя, але ў кожным выпадку яны будуць прадыктаваныя асабістымі ці групавымі інтарэсамі чыноўнікаў, іхным памкненьнем узьняцца вышэй па бюракратычнай лесьвіцы. Аднак яны, гэтыя прычыны, ня маюць дачыненьня да рэальных патрэбаў дзяржавы й грамадзтва.

Якім бы нізкім ні быў прафэсійны ды інтэлектуальны ўзровень адэптаў сёньняшняга рэжыму, яны ня могуць не разумець, што да выбараў і дэмакратыі тое, што адбываецца зараз у краіне, ня мае ніякага дачыненьня і што ў адзінага кандыдата ад апазыцыі няма ніякіх шанцаў на гэтых выбарах перамагчы «адзінага кандыдата» ад улады. А значыць, баяцца, акрамя панскага гневу, няма чаго.

І нават калі б улада ўсур’ёз паставілася да сёлетняй палітычнай кампаніі як да кампаніі выбарчай, ёй усё адно не было б чаго паказаць выбарцам, акрамя набору пустых лёзунгаў пра беларускі дабрабыт ды лаянкі ў бок «усясьветанага імпэрыялізму». Пра гэта сьведчыць і нястрыманае захапленьне з нагоды перамогі над хакейнай швэдзкай камандай другога разраду і ўручэньне калядных прэміяў «за духоўнае адраджэньне». Нават дзіўна, што герой спэцназу Паўлічэнка сёлета не ўвайшоў у кагорту ўзнагароджаных. Праўда, Паўлічэнка ўжо атрымаў раней царкоўны ордэн. Ва ўсялякім выпадку, ён мае ня меншыя заслугі перад уладай, як ляўрэаты-«адраджэнцы» Скобелеў, Росьцікаў, Рудамётаў ды іншыя працаўнікі пяра й мікрафону (cпэцслужбы, са свайго боку, таксама дбаюць пра духоўнае адраджэньне нацыі. Нядаўна, напрыклад, з нагоды 50-годзьдзя БТ прыз КДБ атрымала журналістка «Панарамы», абазнаная ў справе выкрываньня ворагаў, спадарыня Красоўская).

«Духоўную» прэмію гэтым разам, заўважым, атрымалі асобы ня проста мала вядомыя ў народзе. Гэта асобы, вядомыя сваімі заслугамі выключна сярод тых людзей, якія гатовыя служыць рэжыму самааддана, альбо ў асяродзьдзі вузкіх спэцыялістаў — кшталту сэрпэнтолягаў ці гельмінтолягаў. Такім чынам, улада разам з царквой нават ня выказала жаданьня прыкідвацца, быццам яна хоча навесьці нейкія масты з нацыянальна сьведамай інтэлігэнцыяй. Гэтыя масты, трэба думаць, цяперашнім рэжымам спаленыя аднойчы й назаўсёды.

Але адчуваньне нейкай няўпэўненасьці ці няўтульнасьці ўсё-ткі яшчэ застаецца. Усё яшчэ хочацца выглядаць калі не цывілізаванай, дык цывільнай дзяржавай. Перад Масквой, якая ўсё даравала загадзя й Туркмэнбашы, і Карымаву, больш няма патрэбы ламаць камэдыю. На тле выродлівай рэстаўрацыі сталінскага рэжыму, сарамліва прыкрытай фігавымі лісткамі кшталту «грамадзкай палаты» ў Расеі, дыктатура ў Беларусі выглядае нават па-свойму больш годнай — прынамсі, у вачах расейскай чырвонай апазыцыі.

А што тычыць Захаду, дык частка новай намэнклятуры ўсё яшчэ ня страціла, думаецца, надзеі яго прылашчыць, прывучыць да думкі, што рэжым у Беларусі не такі ўжо страшны. Тут прынамсі не забіваюць людзей сотнямі на вуліцах, як ва Ўзбэкістане. Дый тутэйшыя бюракраты не такія ўжо лютыя, калі знайсьці да іх правільны падыход.

Марш пераможцаў

Але ж доўга стаяць, раскірэчыўшыся паміж дзьвюма льдзінамі, якія плывуць у розныя бакі, немагчыма. Гэта прадэманстравала пуцінская Расея, якая пэўны час «касіла» пад заходнюю дэмакратыю й гулялася ў эўрапейскія каштоўнасьці, пакуль Украіна выразна не павярнулася да Масквы сьпінай. Расейскім бюракратам шкада, вядома, заходніх інвэстыцыяў, але ж сваю прыроду не схаваеш.

Калі Захад сапраўды выразна і недвухсэнсоўна прадэманструе сваё адмоўнае стаўленьне да рэжыму пасьля сёлетніх сакавіцкіх выбараў, гуляцца далей у прадстаўніцкую дэмакратыю лукашэнкаўскай уладзе ня будзе сэнсу. Выбары патрэбныя толькі старому пакаленьню выбарцаў, якое прызвычаілася хадзіць на іх за савецкім часам паводле рытуалу. Яно паступова вымірае. Новаму пакаленьню, прынамсі большасьці яго, на выбары як на абсалютна непатрэбны інстытут будзе напляваць. Гэта азначае, што й новай бюракратыі ня будзе больш сэнсу праводзіць выбарчыя кампаніі зь некалькімі кандыдатамі. Застанецца толькі адна форма — рэфэрэндум. Ці згодныя вы, каб цяперашняя ўлада была вечнай? «За» — 99, 9%! Ці будзе гэта дэспатыя накшталт ірацкай пры Хусэйне ці туркмэнскай пры Ніязаве? Тут ужо справа густу. Досьвед Туркмэнбашы выглядае больш прывабным для беларускага ўладара, паколькі Ніязаў пайшоў далей за францускага караля, які сказаў: «Дзяржава — гэта я!» Туркмэнбашы гаворыць, што народ — гэта ён, і зь яго пачалася гісторыя. Тое самае, фактычна, сьцьвярджае й цяперашняя ўлада ў Беларусі.

За савецкім часам гісторыя БССР пачыналася з 1917-га году. Цяпер яна пачынаецца з 1994-га ці нават з 1996-га. Калі верыць беларускаму тэлебачаньню. Нават савецкую гісторыю там ведаць ня хочуць. Нядаўна, напрыклад, у адной з тэлеперадачаў пераблыталі першага сакратара ЦК КПБ Кісялёва зь іншым партыйным кіраўніком — Аксёнавым. Падумаеш! Нават Машэрава, калі спатрэбілася, адсунулі далей ад цэнтру Менску, пераназваўшы праспэкт ягонага імя ў праспэкт Пераможцаў. Каму трэба ведаць мінулае? Няхай жыве вечна дзень сёньняшні!

Выбар, насамрэч, ужо зроблены. Выбар паміж будучым і далёкім мінулым. «Сёньня, на 88-м годзе жыцьця, не прыходзячы ў прытомнасьць, абраны на пасаду...» Гэты стары анэкдот не пра выбары кіраўніка кампартыі, гэта пра выбар народу.

У апошнія дні на тэлеэкранах можна было бачыць людзей, якія каля шпіталю ў Ерусаліме трымалі плякат: «Шарон, ты больш, чым прэм’ер. Уставай, калі ласка!» Арыель Шарон для ізраільскага народу, сапраўды, быў больш, чым прэмьерам. Ягоныя заслугі перад айчынай прызнаюць нават ворагі Ізраілю. Але абіраў прэм’ера, усё-ткі, народ, на дэмакратычных шматпартыйных выбарах. І працягваць сабе ўладныя паўнамоцтвы баявы генэрал нікога ніколі не прасіў. Не было ў гэтым патрэбы...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0