Журналіст Белдзяржтэлерадыекампаніі, перш чым задаць пытанне, зрабіў невялікі уступ: падкрэсліў, што «наша краіна называецца Беларусь — менавіта так, восем літар, мяккі знак на канцы» і параіў ужываць менавіта гэты варыянт, а не «Белоруссія». З чым Мядзведзеў, безумоўна, пагадзіўся.

Увогуле, у вастрыні і праблемнасці пытанняў дзяржаўныя СМІ не саступалі незалежным. Прадстаўнік Першага нацыянальнага каналу спытаўся пра будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Ці мае Расія свой сцэнар? Ці думае Мядзведзеў, следам за незалежнай прэсай, запрасіць да сябе беларускіх апазіцыйных палітыкаў?

Расія не ўмешвалася і не мае намеру ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, адказаў Дзмітрый Мядзведзеў. І не мае ніякіх адносін да сцэнароў развіцця палітычнага жыцця ўнутры Беларусі.

«Умяшанне ва ўнутраныя справы — гэта жаданне паставіць палітычныя працэсы у той ці іншай краіне пад кантроль іншай дзяржавы. У нас такога і ў думках не было. Ды гэта і немагчыма», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Паводле яго слоў, беларускі выбаршчык «вызначае, хто яму мілы, галасуе адпаведным чынам, і ў выніку гэтага ўзнікае тая ці іншая палітычная канфігурцыя, той ці іншы палітычны лідэр прыходзіць да ўлады», — сказаў ён. «Беларусь, — а я настойваю менавіта на такім вымаўленні гэтай брацкай дзяржавы, — самастойная суверэнная дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі. А калі так — усё палітычнае жыццё ў гэтай краіне ідзе па сваім сцэнарыі, і мы да гэтага сцэнарыя не маем ніякіх адносін», — заявіў прэзідэнт Расіі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Расія «самым дэталёвым чынам» сочыць за развіццём палітычных працэсаў у краіне. «Нам гэта неабыякава, Беларусь — гэта краіна, з якой мы звязаны саюзным дагаворам, маем брацкія адносіны і цесныя эканамічныя сувязі», — адзначыў Мядзведзеў.

У адказ на пытанне пра сустрэчу з беларускай апазіцыяй, Мядзведзеў не выключыў такой магчымасці.
«Зносіны паміж палітыкамі — гэта нармальная справа. Калі да нас прыязджаюць замежныя лідэры, яны сустракаюцца з нашай апазіцыяй — падабаецца нам гэта ці не падабаецца», — сказаў расійскі прэзідэнт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?