Першы Лацінаамерыканскі гастранамічны фестываль адкрыўся ў Мінску ўвечары 23 лістапада. Задача гэтага мерапрыемства, якое будзе праходзіць на працягу тыдня ў гатэлі Crowne Plaza, — прадэманстраваць разнастайнасць трапічнай кухні Карыбскага рэгіёну і унікальныя традыцыі, якія склаліся ў выніку гістарычнага змяшэння розных этнасаў і культур.

На цырымоніі адкрыцця пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес выказаў надзею на тое, што фестываль не толькі дазволіць беларусам пакаштаваць стравы традыцыйнай кухні рэгіёну, але і зможа падарыць ім «крыху сонца і лацінаамерыканскай жывой музыкі».

Дыпламат таксама прадставіў струнны квінтэт «Эвенс`я Кастэльянас» Лацінаамерыканскага культурнага цэнтры імя Сімона Балівара ў Мінску, які ўпершыню выступіць у рамках фестывалю.

Пасол Кубы у Беларусі Альфрэда Ньевес Партуонда са свайго боку адзначыў, што гастраномія Лацінскай Амерыкі знайшла адлюстраванне ў культуры гэтага рэгіёну, яго літаратуры і музыцы. Да прыкладу, у сальсы і гарачай дамініканскай мерэнге ёсць гастранамічны «аналаг» — соусы з аднайменнымі назвамі. Так што прэзентацыю лацінаамерыканскай кухні можна разглядаць і як мастацкае мерапрыемства.

У рамках фестывалю, які будзе доўжыцца па 29 лістапада, у рэстаранах гатэля Crowne Plaza можна пакаштаваць традыцыйныя стравы венесуэльскай, кубінскай, перуанскай кухні і кухні іншых лацінаамерыканскіх краін.

Акрамя таго, запланаваныя: гутарка аб нацыянальных святах і культурнай разнастайнасці Лацінскай Амерыкі і дэманстрацыя фільма Альберта Арвела «Іграць і змагацца». Адбудуцца выступленні струннага квінтэта «Эвенс`я Кастэльянас» і танцавальнай групы «Йаланда Марэна» Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара, ночы лацінаамерыканскай музыкі і сальсы, дзіцячая забаўляльная праграма.

На працягу ўсяго фестывалю таксама адбудуцца відэапрэзентацыі лацінаамерыканскіх краін з удзелам турыстычных агенцтваў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?