Міністэрства замежных спраў Беларусі адказала на ліст Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», у якім змяшчаўся Зварот, прыняты на 4‑й канферэнцыі беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі.

Зварот у МЗС быў перададзены на просьбу Таварыства беларускай культуры ў Літве. У дакуменце дэлегатамі канферэнцыі выказвалася просьба перагледзець кошты на візы для сваіх суайчыннікаў і па магчымасці зрабіць візы бясплатнымі.

У адказ на гэты зварот Міністэрства замежных спраў праінфармавала «Бацькаўшчыну» пра тое, што ў адпаведных выпадках прадугледжаны і выкарыстоўваюцца на практыцы «так званыя «ільготныя» правілы ў адносінах да замежных грамадзян, якія прадстаўляюць для беларускай дзяржавы інтарэс у розных галінах палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця».

Далей ў лісце даводзіцца, што працэдура атрымання беларускіх віз замежнымі грамадзянамі простая і зразумелая, да таго ж жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Эстоніі могуць атрымліваць візы тэрмінам дзеяння да 30 дзён без прадстаўлення запрашэння. А вось грамадзянам Беларусі для атрымання віз ў згаданыя краіны неабходна сабраць ад 10 да 14 дакументаў.

Што тычыцца цаны віз, то, на думку беларускага МЗС,

«тарыфы на выдачу беларускіх віз жыхарам Латвіі, Літвы, Польшчы і Эстоніі з’яўляюцца мінімальнымі»,

а далейшае спрашчэнне візавых працэдур магчымае «пры дасягненні адпаведных дамоўленасцей паміж Беларуссю і Еўрасаюзам».

Старшыня Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская адзначыла: «З адказу Міністэрства замежных спраў вынікае,

што беларусы замежжа, у тым ліку тыя, што працуюць на ніве беларушчыны ў краінах свайго пражывання, дагэтуль нашай дзяржавай цалкам прыраўноўваюцца да іншаземцаў. І мы зноў упіраемся ў адсутнасць закона аб беларусах замежжа.

На думку кіраўніцы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Алены Макоўскай, «магчыма, гэтым лістом МЗС хацеў падкрэсліць, што беларусы замежжа павінны больш настойліва працаваць з урадамі сваіх краін у пытанні спрашчэння візавай працэдуры для грамадзян Беларусі. Але гэты мэсэдж быў бы прыняты беларускім замежжам пазітыўна, калі б беларуская дзяржава зрабіла пэўныя крокі ў вырашэнні візавага пытання для саміх беларусаў».

У тым жа лісце МЗС адказала і на просьбу «Бацькаўшчыны» аб прадстаўленні бясплатных шматразовых візаў сябрам Вялікай Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» — кіраўнікам беларускіх суполак у замежжы. «МЗС арыентавала адпаведныя замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь адносна афармлення кароткачасовых віз для наведвання краіны сябрамі Вялікай Рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», — гаворыцца ў лісце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?