У Беларусі можа быць часткова адменена абавязковае дэклараванне грашовых пераводаў з‑за мяжы.
Пра гэта паведаміла намеснік міністра па падатках і зборах Ларыса Кандратава, адказваючы 24 лістапада ў Мінску на пытанні журналістаў.
«Цяпер гучаць прэтэнзіі ад насельніцтва, асабліва ад пенсіянераў, якія атрымліваюць грашовым пераводам нязначныя сумы. Часта яны нават не ведаюць, што іх трэба дэклараваць.
Думаю, з нязначнай сумы падатак можна не збіраць», — сказала яна.
Кандратава паведаміла, што плануецца вызначыць найбольшую суму грашовых пераводаў, якую можна атрымаць на працягу года без абавязковага дэкларавання і выплаты падаткаў. Паводле яе слоў, «гэта будзе лічба з трыма нулямі».