Колькі бруду на яго сёлета павылівалі: і Жак Шырак, які перараспавёў прэсе аб ягоных непрыстойных аповедах пра бурлівыя пагулянкі з маладзіцамі на віле, і Мішэль Абама, якая абыходзілася з ім дэманстратыўна суха праз яго непратакольныя жарцікі, і апублікаваныя фоткі, дзе ён заляцаўся да 18-гадовай… Але ў свеце ўсё ж знайшліся добрыя людзі, які належным чынам ацанілі палкасць натуры італьянскага прэм'ер-міністра: музычны часопіс Rolling Stone на сваіх старонках прызнаў 73-гадовага Сільвіё Берлусконі «зоркай року №1» за 2009 год.

«Сёлета наш выбар быў добра акрэслены: Сільвіё Берлусконі атрымаў гэтае званне дзякуючы свайму вобразу жыцця, вобразу, які не здольнае апісаць нават слова «рок-н-рол»», — кажа рэдактар італійскамоўнай версіі часопісу Карла Антанэлі.

На сваіх старонках Rolling Stone таксама працягвае пяяць хвалу Берлусконі: «Род Сцюарт, Кіт Рычардс нават у свае прасветлыя часіны не маглі набізіцца да Сільвіё: поруч з ім яны выглядаюць, як школьнікі».

Але палітычныя погляды Берлусконі — не ў лік. «Мы далёкія, каб падтрымлівай італьянскую палітычную правіцу або левіцу», — напісана ў рэдактарскай заяве.

Па вялікім рахунку, Берлусконі сапраўды музыка. Колісь граў на бас-гітары і спяваў у рэстаранным аркестры на круізных лайнерах. Сам напісаў гімны для ФК «Мілан» і сваёй партыі «Уперад, Італія!», а таксама выпусціў два альбомы неапалітанскіх песняў.

Дадамо, што на другім месцы «ролінгстоўнавага» спісу самых-самых рокераў году апынуўся безальбомны пакуль што Барак Абама, а на трэцім — папа Бенедыкт XVI, які праз месяц мае выпусціць альбом малітваў Alma Mater. Рок-гурты Rolling Stones і Deep Purple паводле музычнага часопіса да такой прадстаўнічай дзясяткі не дацягваюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?