У Беларусі сёлета выпіта ўжо 9,93 літра алкаголю на душу насельніцтва.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, продаж усіх відаў алкагольных і слабаалкагольных напояў і піва на душу насельніцтва усіх узростаў у пераліку на абсалютны алкаголь склалі:

У 2006 годзе — 10,1 л, у 2007 годзе — 11,7 л,

у 2008 годзе — 12,39 л, за 10 месяцаў 2009 г — 9,93 л

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), крытычным для здароўя нацыі і яе дэмаграфічнага стану паказальнікам з’яўляецца штогадовае ужыванне 8 літраў, у пераліку на абсалютны алкаголь на кожнага жыхара ва ўзросце ад 15 гадоў.

У выпадку перавышэння дадзенай нормы адбываецца паступовая дэградацыя нацыі ў дэмаграфічных, сацыяльных, эканамічных, культурных адносінах, пагаршаецца стан здароўя і генафонду.

Таццяна Будніцкая, загадчыца наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, пералічвае наступныя групы насельніцтва, што найчасцей звяртаюцца па медыцынскую дапамогу:

«У наркалагічныя цэнтры трапляюць звычайна людзі працоўнага ўзросту. Часта стаіць праблема выхаду бацькоўскай з дому. Калі малады чалавек атрымаў адукацыі, выйшаў з бацькоўскай сям’і і не ведае чым заняцца. І свой вольны час праводзіць такім дэструктыўным спосабам. Ёсць яшчэ наступная хваля: калі ўжо выраслі дзеці, а дарослыя, яшчэ працаздольныя, бацькі не ведаюць чаму прысвяціць свой вольны час, які раней ішоў навыхаванне дзяцей. Яшчэ адна хваля: калі чалавек выходзіць на пенсію, ён па сутнасці ўжо становіцца свабодны і не ведае, як правесці свой вольны час».

Аднак праблемы алкагалізму не маюць межаў і ўзроставых прыярытэтаў. Як прыклад, сёлета 45 непаўналетніх дзяцей у Беларусі маюць устаноўлены дыягназ алкагалізм.

А безліч дарослых яшчэ і не звярталіся па дапамогу, але п’юць па‑чорнаму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?