Галадоўка ў Берасьці
1 жніўня берасьцейская таксістка Любоў Разановіч абвесьціла сухую галадоўку. Нагадаем, што таксісты патрабуюць, каб зь іх не спаганялі задняй датай падатак на ўвоз аўтамабіляў. Галадоўнікі зьвярнуліся з адкрытым лістом да Лукашэнкі. 7 жніўня галадоўнікі заявілі пра намер завяршыць акцыю.
31 ліпеня
У Магілёве затрымалі Ўладзімера Навасяда з паплечнікамі, якія ехалі на сустрэчу з моладзевымі актывістамі ГА «Грамадзянскі форум». Іх спынілі на пад’езьдзе да гораду, перасадзілі ў іншы транспарт, завезьлі ў Ленінскі райаддзел, дзе распытвалі, хто яны, куды едуць і зь якой мэтай. Адпусьцілі толькі пасьля таго, як менчукі заявілі, што ня маюць намеру ўдзельнічаць у вулічных акцыях і што сярод іх няма замежнікаў.
Пры канцы ліпеня ў псыхіятрычную больніцу «Навінкі» трапіла Кацярына Садоўская: супрацоўнік КДБ забраў яе проста з дому. Яе муж лічыць, што гэта палітычна матываваная справа, выкліканая праваабарончай дзейнасьцю жонкі.
1 жніўня
Пракурор Зэльвенскага раёну дапытаў бацьку Яўгена Скрабутана па справе «Маладога фронту».
Газэце ПКБ «Товарищ» вярнулі 100-тысячны наклад перадвыбарнага нумару. 4 жніўня маскоўская друкарня «ТМК» адмовілася друкаваць выданьне, бо «спыняе сваю дзейнасьць на нявызначаны тэрмін у зьвязку з плянаваным пераездам».
2 жніўня
Пяцёра магілёўскіх актывістаў падалі скаргу на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў абласному пракурору і начальніку абласной управы міліцыі. Магілёўцаў затрымалі 27 ліпеня: міліцыянтам не спадабаліся саколкі з выявай АГП і бел-чырвона-белыя паветраныя балёнікі ў актывістаў.
Мін’юст запатрабаваў ад Партыі камуністаў Беларускай цягам тыдня падаць пэрсанальныя зьвесткі па колькасным складзе структураў.
У Савецкім судзе Гомелю прайгранкай скончыўся працэс звольненага кіроўцы аўтапарку Сяргея Шведава, актывіста прафсаюзу РЭП, супраць кіраўніцтва прадпрыемства. Судзьдзя паверыў на слова сьведчаньням рэвізорак аўтапарку, праігнараваўшы астатніх сьведкаў, у тым ліку пасажыраў спрэчнага рэйсу. Шведаў адпрацаваў у аўтапарку 30 гадоў, яго партрэт упрыгожваў Дошку гонару.
3 жніўня
Дырэктар абутковай фабрыкі Вячаслаў Тумашчык падаў у суд на баранавіцкую недзяржаўную газэту «Intex-press» за зьнявагу гонару і годнасьці. Газэта напісала, што на яго распачата пракуратурай крымінальная справа за злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. У судзе інфармацыя пацьвердзілася. Судзьдзя адклаў справу да 16 жніўня і выклікаў суадказчыкамі міліцыянтаў.
4 жніўня
Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку асудзілі на 6 месяцаў турмы. Цімоха Дранчука – на 1 год калёніі агульнага рэжыму, Міколу Астрэйку – на 2 гады. Адвакаты Дранчука і Астрэйкі падрыхтавалі касацыйныя скаргі.
На Меншчыне затрымалі ў летніку моладзевых актывістаў Паўла Красоўскага з Дар’яй Пісарэнкай і Ільлю Шылу. Міліцыянты загадалі зварочваць летнік, бо спалохаліся, што прыедуць замежнікі – швэды.
5 жніўня
На Юрася Губарэвіча ў Бярозаўскім раёне падчас паходу «Рух добрай волі» склалі пратакол за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. Суд пачалі адразу ж, у выхадны дзень – суботу, але актывіст запатрабаваў адваката, таму працэс перанесьлі на 8 жніўня.
На ўдзельнікаў паходу склалі яшчэ два пратаколы: за намётавы гарадок на тэрыторыі заказьніка і за тое, што аўтамабіль пад’ехаў да вадаёму бліжэй, чым на 50 м.
Зь менскай турмы на Акрэсьціна выпусьцілі расейку Кацярыну Вінакураву, асуджаную за пікет ля расейскай амбасады. Ёй забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў. Разам зь ёй выпусьцілі беларуса Віктара Сімановіча, удзельніка той самай акцыі.
6 жніўня
На навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную Клецкай бітве, не пусьцілі мясцовых дэмакратычных актывістаў Сяргея Панамарова, Чаславу Князеву, Паклонскага.
7 жніўня
Артуру Фінькевічу адміністрацыя калёніі забараніла карыстацца ноўтбукам і радыёпрымачом пасьля загаду зь Менску. Ад хлопца патрабуюць, каб паказаў дакумэнты на тэхніку.
Сяргей Альфер падаў у суд скаргу на мытнікаў аэрапорту «Менск-2»: 25 сакавіка ў яго канфіскавалі 80 даляраў і 135 эўра, заявіўшы, што яны фальшывыя. Актывіст АГП патрабуе вярнуць яму валюту. Суд прызначаны на 11 жніўня.