Нурсултан Назарбаеў запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць з візітам Казахстан у 2010 годзе, а таксама ўзяць удзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД 18 снежня гэтага года. Перамовы кіраўнікоў дзвюх краін прайшлі 26 лістапада ў Мінску.

Назарбаеў падкрэсліў, што ў лідэраў дзвюх краін «ёсць рашучасць ўзняць на абсалютна новы ўзровень» адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Пасля завяршэння перамоў у прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін была падпісана «Дарожная карта двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2010—2011 гады». Гэта падрабязны план сумеснай працы на сярэднятэрміновую перспектыву. Ён уключае найбольш эфектыўныя праекты па супрацоўніцтве ў сферы машынабудавання, сельскай гаспадаркі, хіміі і інш.

Бакі таксама падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі, вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі, а таксама аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным узаемадзеянні на міжрэгіянальным узроўні.

Акрамя таго, падпісаны мемарандум аб паразуменні паміж Міністэрствам фінансаў Беларусі і Агенцтвам па рэгуляванні і наглядзе фінансавага рынку і фінансавых арганізацый Казахстана.

Беларусь і Казахстан маюць намер паглыбляць двухбаковае супрацоўніцтва і засяродзіць намаганні на развіцці новых форм эканамічнага партнёрства, у тым ліку ўзаемнага прыцягнення інвестыцый і сучасных тэхналогій, вытворчай кааперацыі, узаемным удзеле прадпрыемстваў абедзвюх дзяржаў у міжнародных і рэгіянальных эканамічных праектах, што рэалізуюцца на тэрыторыі дзвюх краін. Бакі дамовіліся ўключыць сумесныя праекты з удзелам беларускіх прадпрыемстваў у карту індустрыялізацыі Казахстана, што распрацоўваецца на 2010—2014 гады, з прыняццем неабходных рашэнняў для іх рэалізацыі.

Назарбаеў выказаў упэўненасць, што эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляецца базай для развіцця адносін і ў іншых сферах. «Паміж нашымі дзяржавамі няма нявырашаных праблем, мы адкрытыя да супрацоўніцтва», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?