15% апытаных панічна баяцца людзей, хворых на СНІД, кожны пяты адчувае да такіх людзей адчужэнне.

Супрацоўнікі Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі падвялі вынікі апытання, прысвечанага праблемам СНІДу. Апытанне паказала, што большасць жыхароў гораду так і не навучыліся цярпіма ставіцца да носьбітаў ВІЧ-інфекцыі.

Па словах урача-эпідэміёлага цэнтра Элеаноры Бугаёвай, з 100 апытаных гараджан 15% сказалі, што яны панічна баяцца людзей, хворых на СНІД, яшчэ 20% ўказалі на тое, што яны адчуваюць да такіх людзей адчужэнне. Больш за тое, 70% апытаных катэгарычна заявілі аб тым, што не жадаюць жыць побач з такімі людзьмі і што ўсіх ВІЧ-інфікаваных трэба ізаляваць ад грамадства.

Медыкі ж, у сваю чаргу, пераконваюць грамадзян, што дыскрымінацыя хворых на СНІД не дапушчальная.

Па дадзеных Баранавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у перыяд з 1997 па 2009 год ад СНІДу ў рэгіёне памерла 17 чалавек. Адзін з іх ураджэнец Баранавіцкага раёна, астатнія гарадскія жыхары.

Па стане на 1 лістапада 2009 года ў Баранавіцкім рэгіёне зарэгістравана 82 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, 63 з якіх — у горадзе Баранавічы.

Штогод у рэгіёне вірус знаходзяць у 4-5 чалавек. Большасць хворых — маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў.

Як адзначылі медыкі, у спісе хворых нязначна, але пераважаюць мужчыны (48 чалавек). Прычым, калі раней носьбітамі віруса з’яўляліся, у асноўным, асацыяльныя асобы, то зараз спісы інфікаваных папаўняюцца за кошт звычайных грамадзян. Нягледзячы на тое, што самым распаўсюджаным шляхам перадачы ВІЧ-інфекцыі ў рэгіёне застаецца ін’екцыйны сярод наркаманаў, у той жа час лекары адзначаюць, што ў апошні час назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці выпадкаў, калі людзі набываюць вірус імунадэфіцыту пры палавым кантакце.

Intex-press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0