Рада выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка зацвердзіла выдзяленне Беларусі пазыкі на мэты развіцця (ПМР) у 200 млн. даляраў ЗША на падтрымку эканамічнай праграмы ўрада, скіраванай на ўстараненне сацыяльных наступстваў крызісу і паглыбленне структурных рэформаў, якія забяспечваюць аснову для аднаўлення ўстойлівага эканамічнага росту.

Як паведамілі ў прадстаўніцтве Сусветнага банка (СБ), гэтая аднатраншавая пазыка выдзяляецца тэрмінам на 16 гадоў і прадугледжвае адтэрміноўку пачатку пагашэння на шэсць гадоў.

Рада дырэктараў абмеркавала ПМР у кантэксце прамежкавага агляду ходу рэалізацыі Стратэгіі супрацоўніцтва СБ з Рэспублікай Беларусь (2008—2011 гады). Сусветны банк пашырыў сферу і памеры сваёй фінансавай дапамогі, запланаваныя ў межах стратэгіі, і ўключыў у яе «падтрымку бюджэту пры дапамозе ПМР, каб паказаць значныя змены знешняй кан'юнктуры і паскарэнне структурных пераўтварэнняў у Беларусі».

«Да гэтага часу Беларуссю назапашаны станоўчы вопыт рэалізацыі праектаў з Групай Сусветнага банка.

Для Сусветнага банка адкрылася акно магчымасці падтрымаць паглыбленне структурных рэформаў у Беларусі, — сказаў дырэктар аддзела Беларусі, Малдовы і Украіны СБ Марцін Райзер. — Мы спадзяемся, што дамоўленасць, дасягнутая з уладамі Беларусі, таксама паслужыць сігналам для прыватных інвестараў аб тым, што Беларусь становіцца больш адкрытай».

Пазыка на мэты развіцця падтрымлівае праграму рэформаў, згрупаваных па дзвюх кірунках. Першы з іх арыентаваны на ўмацаванне праграм сацыяльнай дапамогі за кошт узмацнення іх адраснай скіраванасці на бедныя слаі насельніцтва, якія могуць больш за ўсё пацярпець ад уплыву глабальнага эканамічнага і фінансавага крызісу на эканоміку Беларусі. Другі — падтрымлівае праграму ўрада па лібералізацыі для стымулявання інвестыцый і стварэння працоўных месцаў. Гаворка ідзе ў тым ліку пра такія меры, як указ аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці, які дазволіць значна аблегчыць нагрузку для прадпрыемстваў; лібералізацыя цэн (уключаючы адмену абмежаванняў гандлёвых надбавак у адносінах да большасці відаў прадукцыі); паступовая адмена абаротных падаткаў і падрыхтоўка заканадаўчай базы для пачатку працэсу прыватызацыі.

Старшы эканаміст СБ і кіраўнік групы спецыялістаў па падрыхтоўцы пазыкі на мэты развіцця Пабла Сааведра адзначыў: «Апошнімі гадамі Беларусь скараціла абмежаванні для бізнесу, і ў рамках згаданай аперацыі падтрымліваюцца далейшыя захады ў галіне лібералізацыі цэн, скарачэнні рэгулявання і падатковай палітыкі. Крызіс не толькі ўзмацніў актуальнасць гэтых рэформ, але і падкрэсліў неабходнасць паглыбіць рэформы для забеспячэння аднаўлення ўстойлівага росту».

***

Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За гэты час краіне было выдзелена 643 млн. даляраў ЗША на рэалізацыю дзевяці праектаў; прыкладна 30 нацыянальных праграм атрымалі грантавую падтрымку на агульную суму 18 млн. даляраў ЗША. Зараз Беларусь выкарыстоўвае сродкі Сусветнага банка для фінансавання чатырох праектаў па развіцці інфраструктуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?