Ліберальныя эканамічныя змены ў Беларусі радуюць, але іх хібы павінны быць выпраўленыя. Піша Алесь Чайчыц.

Пару тыдняў, да і пасля Беларускага інвестыцыйнага і эканамічнага форуму, інфармацыйная прастора бамбардуецца навінамі пра развіццё падзей вакол прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і планаў далейшых ліберальных рэформаў у эканоміцы. Беларускія ўлады нарэшце акрэслілі планы па навядзенню парадку ў аўгіевых стайнях падатковай сістэмы — найгоршай у свеце паводле міжнародных рэйтынгаў. Рух у правільным кірунку радуе, але яго хібы павінны быць выпраўленыя.

Як завабіць авантурыстаў

Беларуская эканоміка ўспрымаецца як высокарызыкавае месца для інвестыцый. Каб імідж Беларусі палепшаў, патрэбен не адзін год. Старыя скандалы (узгадайма «Балтику» ці «Ford») памятаюцца куды лепей, чым новыя поспехі. Неабароненасць інвестыцый, заангажаванасць судоў, агульны экзатычна‑таталітарны імідж краіны — улады маюць вялізарны прастор для працы па станоўчых зменах і па зацверджанні гэтых зменаў у свядомасці міжнароднай супольнасці.

Цяпер укладаць грошы ў Беларусь схільныя пераважна інвестары авантурнага кшталту, якія за ігнараванне яе высокарызыкаванага іміджа хочуць высокіх прыбыткаў. Перспектывы такіх прыбыткаў цьмяныя: шалёныя запасы прыродных рэсурсаў, якія прыцягваюць інвестараў у Расію ці Казахстан, адсутнічаюць. Магчымасць перакваліфікавацца са «зборачнага цэха СССР» у «маленькі зборачны цэх пры Еўрапейскім саюзе» спрэчная: Беларусь нават не член СГА. Дый у сучасным свеце, дзе фінскім дрэваапрацоўшчыкам бывае прасцей апрацоўваць расійскі лес у Кітаі, Беларусь фізічна не ў стане спаборнічаць з азіяцкімі краінамі за размяшчэнне замежных вытворчасцяў.

«Кічыцца экспартным патэнцыялам — гэта мінулае стагоддзе», — сказаў у прыватнай размове высокапастаўлены замежны дэлегат Інвэстыцыйнага форуму. Інвестарам цікавы ўнутраны рынак краіны і ўнутраны плацежаздольны попыт, па якіх Беларусь не дужа прывабная.

Улады маглі б прывабіць іх нізкімі цэнамі на актывы, кіраваць якімі дзяржава ўсё адно не ў стане, але сёння заходнія інвестары маюць дастаткова патаннелых аб’ектаў у сябе дома, каб меней цікавіцца беларускімі прадпрыемствамі. Аб’ектаў на продаж у Беларусі сапраўды шмат, але сумленнай іх ацэнкі пакуль што бракуе, скардзіўся ўдзельнік форуму.

Блеф як стыль

Арагантнасць і завышэнне ўласнае важнасці — звыклыя прыкметы паводзінаў беларускіх уладаў у замежных адносінах. Іх паслухаць — замежны капітал толькі і чакае, каб рынуцца ў краіну. Таму і завышаюць цэны прыватызацыі прадпрыемстваў, з якімі яшчэ трэба было б шмат працаваць.

Спецыфічна прагучалі на інвестыцыйным форуме словы Сяргея Сідорскага пра тое, як сябе апраўдала беларуская мадэль цэнтралізаванай эканомікі на фоне сусветнага крызісу. Толькі свабодны рынак усё‑такі мае ўскоснае дачыненне да прычынаў эканамічнага крызіса. А вось мерапрыемства, дзе гэта фраза была прамоўленая, арганізаванае якраз ад таго, што старыя падыходы ў беларускай эканоміцы перасталі працаваць. Наспела патрэба здаганяць два дзесяцігоддзі рынкавых рэформаў. За 2010 год беларускія стандарты бухгалтарскага ўліку будуць набліжаныя да міжнародных, радыкальна спросціцца сістэма ліцэнзіявання прадпрымальніцкай дзейнасці… Чаму гэта не было зроблена ў папярэднія гады?

Ужо спазніліся ці яшчэ не

Улады толькі вучацца дзейнічаць у рэаліях сучаснай эканомікі — узгадайма камічнае выказванне старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, што ўлады, маўляў, нарэшце ўсвядомілі розніцу паміж пераўтварэннем унітарнага прадпрыемства ў акцыянернае таварыства і продажам акцый прадпрыемства прыватнаму ўласніку. Праўда, некаторыя публікацыі ў СМІ ці раптоўнае з’яўленне неакцыянаванага «Белтэлекама» ў спісе на прыватызацыю ў ажно 2009 годзе даюць зразумець, што прастора для ліквідацыі непісьменнасці застаецца неабсяжнай.

Чыноўнікі даведаліся пра такую рэч, як лістынг на фондавай біржы і асцярожна паўтараюць словы пра падрыхтоўку да публічнага размяшчэння акцый дачынных кампаній «Белнафтахіма». Прыемна чуць развагі пра такія рэчы з вуснаў кансерватыўных дзяржслужбоўцаў. Адэкватнасць асобных ключавых чыноўнікаў і іх здольнасць вучыцца ‑‑ гэта тое, што дае надзею інвестарам.

Рэформы ідуць сямімільнымі крокамі, дэманструючы кароткатэрміновыя выгоды аўтарытарнага рэжыму, не абцяжаранага абмеркаваннем законапраектаў з апазіцыяй, у якіх патанулі рэформы ў суседняй Украіне. Адно што эфект ад рэформаў і ад здабыцця добрых міжнародных рэйтынгаў можна чакаць толькі ў перспектыве не меншай за пяць гадоў. Куды раней мы даведаемся адказ на пытанне, ці не спазніліся беларускія ўлады з сённяшнім рэфарматарскім імпэтам. Хто спазняецца ‑‑ таго карае жыццё.

* * *

Алесь Чайчыц — фінансавы аналітык, працуе ў Лондане. Піша па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?