Алімпія Аякаіе. Прамысловы дызайн.
Ева Рудоўска. Аздобы з бурштыну.
Войцэх Рыгала. Аздоба са срэбра.
Мажэна Валіньска, Урсула Гейман. Чайны набор.
Золата, срэбра, парцаляна, шаўковыя абрусы, аўтарскія цацкі і бурштын, бурштын, бурштын… У ДК Прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25) ідзе шыкоўная выстава польскіх ювелірных вырабаў і твораў польскага прамысловага дызайну.
«У Польшчы цяпер ювеліры намагаюцца разбурыць міф пра бурштын, як пра ўпрыгожанне для немаладых,— кажа Караліна Брэслер, прадстаўніца Польскага агенцтва інфармацыі і замежных інвестыцыяў, аднаго з арганізатараў выставы. — З гэтым каменем працуюць 20--30-гадовыя майстры, што, вядома, адбіваецца на выніковым прадукце: новы падыход, новыя ідэі. Яны спрабуюць спалучаць бурштын з сучаснымі формамі срэбнай і драўлянай ювеліркі, даводзяць вялікія здольнасці гэтага адметнага для нашай часткі Еўропы каменя».
Адным з арганізатараў выставы выступіла галерэя мастацтваў у горадзе Легніца. Сярод польскіх галерэяў легніцкая мае сваю спецыялізацыю — ювелірныя творы, найперш з срэбра. Рэч у тым, Легніца, якая знаходзіцца на скрыжаванні польскай, чэшскай і нямецкай рамесных традыцыяў — цэнтр срэбраапрацоўкі: акрамя знакамітых прадпрыемстваў тут таксама ладзіцца вялікі штогадовы фэст срэбра.
Выстава мае і прыкладное значэнне: арганізатары не хаваюць, што іх мэта - папулярызацыя цэтліка «Зроблена ў Польшчы». Каб пра польскія ювелірныя і дызайнерскія працы, а таксама пра творы побытавага дызайну даведаліся і ў нашай краіне. Можа, экспанаты і нельга набыць на самой выставе, але большая іх частка -- у масавай вытворчасці ды іх можна прыдбаць праз сеціва.
Выстава Designed in Poland («Распрацавана ў Польшчы») працягнецца да 11 снежня. Часы працы: 11.00--19.00.