3 снежня ў Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта ўпершыню былі ўручаны дыпломы ганаровых прафесараў ВНУ.
Цырымонія прайшла ў межах XI Міжнароднай навукова‑практычнай канферэнцыі «Журналістыка‑2009».
Звання ганаровага прафесара Інстытута журналістыкі БДУ ўдастоены галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч і старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Рыгор Кісель.
Як адзначыў на адкрыцці канферэнцыі рэктар БДУ Сяргей Абламейка, «дзяржава надае вялікае значэнне падрыхтоўцы журналістаў, пра што сведчыць выдатнае аснашчэнне новага будынка Інстытута журналістыкі». «Практычна ўсе лепшыя журналісцкія кадры падрыхтаваны менавіта ў сценах БДУ, кіраўнікі найбуйнейшых беларускіх друкаваных, тэлевізійных СМІ — выпускнікі журфака, чым мы вельмі ганарымся», — сказаў ён.
Дырэктар Інстытута журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік паведаміў, што ў форуме ў гэтым годзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі больш чым 70 ВНУ Беларусі, Расіі, Украіны, журналісты з краін СНД, Японіі, Чэхіі, Германіі, Швецыі.