У суботу (11 жніўня) на чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы, што праходзіць у швэдзкім Гётэборгу, беларусы заваявалі пяць мэдалёў: тры залатыя, адзін сярэбраны і адзін бронзавы.

У штурханьні ядра сярод жанчын першынствавала Натальля Харанэка. Ейны вынік 19 мэтраў 43 сантымэтры. Надзея Астапчук, саступіўшы ёй толькі сантымэтр (19,42), заваявала «срэбра».

Два мэдалі на рахунку нашых суайчыньнікаў у кіданьні молата. Іван Ціхан заваяваў «золата» з вынікам 81 мэтар 11 сантымэтраў. У Вадзіма Дзевятоўскага — трэцяе месца (80,76). Паміж беларусамі уклініўся фін Олі-Пэкі Кар’ялайнэн (80,84). Шкада, што ня здолеў прабіцца ў васьмёрку наймацнейшых Андрэй Варанцоў, які памыліўся ва ўсіх трох спробах.

Пяты мэдаль прынесла нацыянальнай камандзе Алеся Турава. Яна перамагла ў стыпль-чэзе (бегу зь перашкодамі), пераадолеўшы дыстанцыю за дзевяць хвілін 26,05 сэкунды.

Такім чынам, пасьля шасьці дзён спаборніцтваў беларусы маюць на сваім рахунку сем мэдалёў: чатыры залатыя, два сярэбраныя і адзін бронзавы. На пачатку тыдня, нагадаем, Андрэй Міхневіч заваяваў «срэбра» у штурханьні ядра, а Рыта Турава — «золата» ў хадзе на 20 км.

Перад апошнім днём спаборніцтваў найболей мэдалёў маюць расейцы: 28 (8 залатых, 11 сярэбраных, 9 бронзавых).

Беларусы займаюць другое месца ў неафіцыйным заліку па колькасьці залатых мэдалёў і трэцяе па агульнай колькасьці ўзнагарод. Так, зборная Нямеччыны мае восем мэдалёў, але ў іх толькі тры залатыя. Сем мэдалёў на рахунку Гішпаніі (2, 3, 2), па шэсьць маюць Вялікабрытанія і Швэцыя. У Польшчы — чатыры мэдалі (0, 2, 2), Украіны — 3 (0, 1, 2).

Заўтра апошні дзень спаборніцтваў. Беларускі, у прыватнасьці, выступяць у эстафэтах 4х100 і 4х400 мэтраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0