2010 год будзе няпростым для беларускай эканомікі. Урад знаходзіцца ў чаканні таго, якім чынам будуць развівацца гандлёва‑эканамічныя адносіны з Расіяй, Украінай, краінамі ЕС.

Пра гэта заявіў 7 снежня прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі, прадстаўляючы супрацоўнікам Міністэрства эканомікі новага міністра Мікалая Снапкова.

Нагадаем, былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў быў прызначаны на пасаду міністра эканомікі 4 снежня.

Нягледзячы на чаканыя цяжкасці, ВУП у 2010 годзе павінен вырасці на 11—13%, заявіў Сідорскі.

Неабходна закласці рэзерв для эканамічнага росту і выканання прагнозных паказчыкаў, сказаў прэм’ер, адзначыўшы, што па выніках гэтага года аб’ём ВУП чакаецца на ўзроўні 2008‑га.

Адна з галоўных задач, якую павінна вырашыць Міністэрства эканомікі на чале з новым міністрам, — гэта паскорыць інавацыйнае развіццё эканомікі. «Неабходна яшчэ больш магутная праграма па паскоранай мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні галінаў», — заявіў Сідорскі.

Паводле яго слоў, для ўстойлівага функцыянальнага развіцця рэальнага сектара эканомікі дзяржава мае намер аказваць падтрымку. Але толькі эфектыўнай вытворчасцю, падкрэсліў прэм’ер. Пакуль жа, дадаў Сідорскі, такая падтрымка аказваецца праз Мінэканомікі «ўсім і ўся».

Кіраўнік урада таксама звярнуў увагу новага міністра на неабходнасць павелічэння прытоку ў краіну прамых замежных інвестыцый.

Паводле слоў Сідорскага, прэзідэнтам і ўрадам шмат зроблена ў гэтым кірунку, але гэтую работу трэба ўзмацніць. У найбліжэйшыя гады аб’ём прамых замежных інвестыцый павінен вырасці да 5 млрд. даляраў за год, заявіў прэм’ер‑міністр. Гэта дазволіць не толькі мадэрнізаваць прамысловасць, але і паўплывае на паказчык гандлёвага балансу. «Мы павінны на працягу некалькіх гадоў выйсці на станоўчае сальда знешняга гандлю», — абазначыў задачу Сідорскі.

Акрамя таго, адзначыў ён, трэба ўзмацніць работу па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. Сёння прадпрыемствы імпартуюць розныя камплектуючыя, «якія мы можам вырабляць у сябе», канстатаваў прэм’ер‑міністр. Неабходна ствараць новыя прадпрыемствы па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі, а таксама адкрываць падобныя вытворчасці на дзейных, сказаў прэм’ер.

Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на магчымасці для вытворчасці легкавых аўтамабіляў: «У Беларусі свабодна можна ставіць вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Праведзены перамовы з Іранам, Кітаем,

атрыманы прапановы ад італьянскай кампаніі «Фіят».

Кіраўнік урада таксама заклікаў апарат Мінэканомікі звярнуць увагу на патэнцыял малога і сярэдняга бізнесу. Паводле слоў Сідорскага, трэба актывізаваць работу па лібералізацыі ўмоў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і ўстараненні адміністрацыйных бар’ераў.

Прэм’ер нагадаў аб пастаўленай задачы — увайсці ў трыццатку лепшых краін свету па ўмовах вядзення бізнесу.

У перспектыве ён лічыць магчымым ставіць задачу аб уваходжанні ў першую дзесятку такіх краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?