«Беларуская праваслаўная царква на выгнанні» ў Бразіліі абвянчала двух геяў. Геі ашукалі святара.

«Такога з намі яшчэ не было за 43 гады існавання нашай царквы ў Каэтэс. Звернемся ў паліцыю», — заявіў у гутарцы са СМІ сакратар мітрапаліта, клірык Жазэ да Сілва. На яго думку, усе прысутныя на шлюбе павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.

Шлюб, які царква зараз збіраецца скасаваць, адбыўся 21 лістапада ў Каэтэс, штат Пернамбуку. Бразільскія СМІ паведамляюць, што 18-ці гадовы Жазэ Роха і 26-ці гадовы Ражэрыа Сільва выбралі для свайго шлюба Беларускую праваслаўную царкву (Ortodoxa Bielo-Russa).

Адзін з маладзёнаў апрануў белую шлюбную сукенку, чым увёў у зман святара царквы. Сам святар сцвярджае, што яму нават думка ў галаву не прыходзіла аб магчымасці падману. Жазэ Роха і Ражэрыя Сілва ў адказваюць тым, што, маўляў, усё ў наваколлі ведаюць аб іхнай пары, а таму тлумачыць падрабязнасці свайго прыватнага жыцця яны не палічылі неабходным.

Пара гомасэксуалістаў заплаціла царкве за шлюб, на якім прысутнічала 450 гасцей, трошкі больш за сто даляраў. Яны сцвярджаюць, што даўно марылі аб замацаванні свайго саюзу такім чынам.

АП, паводле rp.pl; скарыстаныя спасылкі, дасланыя Васілём Лепешам

* * *

Наяўныя крыніцы дагэтуль не фіксавалі ў Бразіліі праваслаўных беларускіх прыходаў: ні аўтакефальных, ні ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхата. Наогул адзіны беларускі праваслаўны прыход у Паўднёвай Амерыцы быў заснаваны ў 1940-х у Буэнас-Айрэсе а. Васілём Вячоркам, які потым перасяліўся ў Чыкага (ЗША).

Відаць, маецца на ўвазе

Беларуская праваслаўная царква ў выгнанні, якая аддзялілася 26 снежня 1976 г. ад г.зв. «Амерыканскага сусветнага патрыярхату»,

створанага грамадскім дзеячам Уладзіславам Рыжым, тым самым, што ствараў Старакаталіцкую субожню, Беларускую хрысцiянскую артадаксальна-каталiцкую субожню, Слуцкі рэфармаваны каталiцкі (кальвiнскі) касцёл, а таксама Беларускую аўтакефальную народную праваслаўную царкву.

У сваю чаргу заснаваў Беларускую праваслаўную царкву на выгнанні Віторыё Джовані Буса, якога Рыжы высвяціў ў епіскапы‑каад’юктары пад імем Віктара І Івана, з тытулам архіепіскапа Беластока.

У 1988 г. да царквы далучыўся клірык з Бразіліі, якога ўжо сам Буса высвяціў у епіскапы, а таксама была створана мітраполія ў Бразіліі. Цяпер лацінаамерыканская мітраполія складаецца з пяці епіскапаў, двух святароў і цэлых чатырох прыходаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0