Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацэньвае ролю Германіі ў збліжэнні Беларусі з Еўрасаюзам.

Пра гэта, як паведамляе прэс‑служба прэзідэнта, Лукашэнка заявіў 8 снежня на сустрэчы ў Мінску з паслом Германіі ў Беларусі Гебхартам Вайсам.

«Паслы прызначаныя для таго, каб збліжаць краіны і ні ў якім выпадку не процідзейнічаць тым працэсам, якія тут адбываюцца, не рыць рвы і не выстройваць «берлінскія сцены» паміж дзяржавамі. На жаль, не заўсёды так адбываецца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Вайс зрабіў «усё магчымае ў гэтай сітуацыі».

«Ваша місія была нацэленае на збліжэнне Беларусі з Германіяй і ЕС. Вы заўсёды былі прагматычныя, той прагматызм і тая павага да нашага народа заслугоўваюць вялікага даверу», — падкрэсліў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ад новага пасла Германіі ў Беларусі чакаюць, каб ён «таксама ўважліва і чула ставіўся да тых праблем, якія сёння існуюць у Беларусі, і стараўся дапамагчы».

У сваю чаргу, Вайс, ацэньваючы сваю дзейнасць за папярэдні перыяд, адзначыў: «Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкія рамачныя ўмовы, сёння ў Бруселі праходзіць першая сустрэча міністраў замежных спраў краін — удзельніц «Усходняга партнёрства». Гэта будзе таксама першая сустрэча кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства і новага германскага міністра замежных спраў. Хачу сказаць, што мы шмат чаго дасягнулі, і вельмі важны год наперадзе. Маё бачанне, што калі ў снежні наступнага года ўсё будзе правільна ў развіцці ўнутрыпалітычнага жыцця, думаю, тады адкрыюцца магчымасці для поўнага развіцця супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Я гэтага жадаю вам, жадаю вашай краіне».

Як адзначае прэс‑служба прэзідэнта, Германія — адзін з прыярытэтных партнёраў Беларусі. Развіццё адносінаў з ФРГ з’яўляецца адной з галоўных перадумоў нармалізацыі адносінаў з ЕС і поўнамаштабнага ўдзелу Беларусі ў еўрапейскіх міждзяржаўных і міжпарламенцкіх арганізацыях. Германія ў знешнім гандлі Беларусі ўстойліва займае адно з вядучых месцаў сярод краін па‑за СНД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?