На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якое прайшло 10 снежня ў Маскве, разгледжана 18 пытанняў і прынята Дэкларацыя з нагоды 10-й гадавіны падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

 daylife.com

daylife.com

На прэс-канферэнцыі паводле вынікаў перамоў, якія з улікам сустрэчы прэзідэнтаў у вузкім складзе доўжыліся восем гадзін, Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расія «праводзіла і будзе праводзіць палітыку, скіраваную на дапамогу і падтрымку беларускай эканомікі».

Расійскі кіраўнік выказаў надзею, што «рашэнні, якія прымаліся і ў межах Саюзнай дзяржавы, і ў межах працэдур, што мы праводзілі ў двухбаковым парадку, будуць садзейнічаць мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу».

«Гэта быў доўгі, вельмі насычаны дзень, які адлюстроўвае адносіны паміж Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю ва ўсёй іх паўнаце, і тыя вялікія перспектывы, якія ёсць, і тыя нявырашаныя праблемы,

якімі не пакладаючы рук з Аляксандрам Рыгоравічам займаліся апошнія восем гадзін»,

— сказаў Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі, што транслявалася ў прамым эфіры тэлеканала «Вести».

На думку прэзідэнта Расіі, такія сустрэчы «вельмі карысныя, бо, паслядоўна працуючы, абмяркоўваючы вельмі цяжкія тэмы, выказваючы спрэчныя пазіцыі, выходзячы на кампраміс, мы ў канчатковы выніку садзейнічаем таму, чым мы павінны займацца як прэзідэнты нашых краін — паляпшэнню якасці жыцця нашых грамадзян, грамадзян Саюзнай дзяржавы, жыхароў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь».

Як зазначыў Аляксандр Лукашэнка, «калі б не было вопыту саюзнага будаўніцтва, не было б і Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі», а калі б не было Саюзнай дзяржавы, то не было б і ЕўрАзЭС.

«На жаль, многае засталося ў планах, і над гэтым мы павінны працаваць, — заявіў Лукашэнка.

— Мы не стварылі адзіную эканамічную прастору, але поўныя рашучасці гэта зрабіць. Ёсць яшчэ ў нашых адносінах прыклады вузкаведамасных, кан'юнктурных падыходаў да саюзнага будаўніцтва. У нас застаецца незадзейнічаным арганізацыйны рэзерв, каб больш узгоднена і эфектыўна супрацьстаяць пагрозам і выклікам новага часу. Яны з'яўляюцца, напэўна, кожны год: то крызіс, то праблемы з экалогіяй і г.д.».

«Людзі ад нас чакаюць, калі мы нарэшце завершым працу па стварэнні роўнадаступнай адзінай інфармацыйнай прасторы. Гэта значыць пытанняў, якія трэба вырашаць, дастаткова», — зазначыў беларускі кіраўнік.

На яго думку, Саюзная дзяржава — «гэта не хімера, а рэальнае і найбольш прасунутае інтэграцыйнае фарміраванне на постсавецкай прасторы, яно зусім не вычарпала сябе, у яго ёсць відавочныя перспектывы».

«Зараз трэба не проста прымаць дакладныя і зразумелыя рашэнні. Мы павінны іх жалезна выконваць, без цяганіны, вузкаведамаснасці, на аснове ўзаемнага даверу, адзінства мэтаў. Беларуска-расійскія адносіны будуць толькі тады паспяхова развівацца, калі гэтыя пэўнасць і абавязковасць набудуць характар аксіёмы ў двухбаковых адносінах на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён заклікаў зрабіць усё, каб саюзнае будаўніцтва «ішло больш паспяхова,

без замарозак, тармажэнняў, у максімальна поўным аб'ёме выконвалася ўсё тое, што з натхненнем было прынята нашымі народамі 10 гадоў таму».

Паводле слоў Лукашэнкі, на пасяджэнні ВДС разгледжаны праблемы паліўна-энергетычнага комплексу, фінансавыя, пытанні абароннай прасторы, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, бяспекі, «комплекс пытанняў знешняй палітыкі». «Мы прынялі адпаведнае рашэнне», — сказаў ён.

«Мы палову часу прысвяцілі пытанням забеспячэння неабходных мер актывізацыі гандлю паміж нашымі дзяржавамі», — зазначыў Лукашэнка. Апрача таго, прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2010 год.

Наступнае пасяджэнне ВДС пройдзе ў ліпені 2010 года ў Мінску, паведаміў беларускі прэзідэнт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?