Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч былі ўважліва агледжаны ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

Як паведаміў Лябедзька, прыкладна а 23‑й 10 снежня яны прыляцелі ў Мінск з кангрэса Еўрапейскай народнай партыі, які праходзіў у Боне.

«Мытнікі забралі ў мяне ўсе дакументы кангрэса: праграму, спіс выступоўцаў, рэзалюцыі, дакументы АГП. Усё адксеракапіравалі, за выключэннем майго штодзённіка з асабістымі запісамі, які я адстаяў са скандалам»,

— сказаў старшыня АГП.

Ён таксама адзначыў, што некалькі дакументаў яму не вярнулі.

«Агляд быў узорна‑паказальным: нават прадукты, якія я вёз з сабой, узважвалі.

Прычым, да прадуктаў паспрабавалі прыпісаць і корм для катоў. Выключылі яго са спіса прадуктаў толькі тады, калі я заявіў, што гатовы яго аддаць пры ўмове, што мытнікі яго пры мне пакаштуюць», — паведаміў Лябедзька.

Паводле яго меркавання, такая пільная ўвага да дакументаў кангрэса ЕНП абумоўлена тым, што на мерапрыемстве была прынята даволі жорсткая рэзалюцыя ў дачыненні да Беларусі.

Дадому палітык, паводле яго слоў, патрапіў а другой гадзіне ночы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?