На пакупку недарагой патрыманай іншамаркі засталося паўгода.

Па інфармацыі Белстата, 33% домагаспадарак у краіне маюць уласныя аўтамабілі. На уліку ў ДАІ стаіць больш за 2,2 млн аўто. Праўда, далёка не кожнае на хаду. Пераважная большасць — патрыманыя еўрапейскія маркі. Хоць і агульная доля савецкіх і расійскіх машын немалая. «Жыгуля» яшчэ не могуць абагнаць ні «Фальксваген», ні іншыя заходнікі.


Навагодні падарунак беларусам

Мыты на патрыманыя іншамаркі ў Беларусі ў некалькі разоў меншыя, чым у Расіі. Але з пачаткам дзейнасці ўмоваў Мытнага саюза яны зраўнаюцца.

Напрыклад, зараз аўтамабіль 2003 г.в. з аб’ёмам рухавіка 2000 куб см можна ўвезці ў Беларусь, заплаціўшы 800 еўра за размытненне,

а з 1 студзеня 2010 года гэтая сума вырасце да 8 тыс. еўра. Праўда, для юрыдычных асобаў.

Для простага спажыўца мыты застануцца на ранейшым узроўні прынамсі да ліпеня 2010 года. Пры гэтым адзін чалавек мае права ўвезці на тэрыторыю Беларусі не больш за адзін аўтамабіль у год.

Новае аўто — не па кішэні

Старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч заяўляе, што з павышэннем мытаў аўтамабілі нерасійскай вытворчасці падаражэюць у аўтадылераў прыкладна на 4 тысячы даляраў.

Як мяркуюць аналітыкі аўтарынка, паводле вынікаў года чакаецца зніжэнне продажаў новых аўтамабіляў у Беларусі на 50% у параўнанні з 2008 годам.

Увядзенне новых мытаў адсуне беларускі аўтарынак да ўзроўню 1998—1999 гадоў.

Напрыклад, новы Volkswagen Passat Lim Trendline зараз каштуе $23 тысячы па каталогу, з іх на размытненне ідзе $1650. Пасля Новага года на мытні прыйдзецца пакінуць 30% ад кошту машыны — каля $7 тысяч. Розніца ў цане канкрэтнай мадэлі складзе $5,5 тысячы, якімі Расія хоча падтрымаць сваю аўтапрамысловасць.

Колькасць новых аўтамабіляў, прададзеных у Беларусі ў 2008 і 2009 гг.


Удвая няшчасныя дылеры

Самае смешнае, што пакуль бядуюць аўтадылеры ў Беларусі, настолькі ж гаротнымі выглядаюць і дылеры ў Расіі. Прычыны аднолькавыя — кампаніі не змогуць вытрымліваць канкурэнцыю з беларускімі прыватнікамі.

Дырэктар па стратэгічным развіцці аднаго з найбуйнейшых дылераў, «Атлант‑М», Аляксей Цярэшчанка лічыць, што за студзень—ліпень 2010 г. кемлівыя грамадзяне Беларусі паспеюць увезці некалькі сотняў тысяч іншамарак, каб пасля перагнаць іх у суседнюю Расію. Давер да машын заходняй зборкі ў расіян вышэйшы, чым да зробленых уласнымі рукамі, хай і па заходняй тэхналогіі.

Катайцеся на беларускім

Тым, хто не давярае ні заходнім, ні расійскім вытворцам, а хоча «купляць сваё», варта дачакацца будаўніцтва аўтазавода ў Лідзе. Праект ацэньваецца ў 40 мільёнаў даляраў. На Гродзеншчыне змогуць выпускаць 20—30 тысяч машын у год, якія павінны вызначацца эканамічным расходам паліва. Прыкладны кошт новага беларускага легкавіка складзе 6 тысяч даляраў.

Не варта забывацца і на «Саманды». На іх мыты таксама не ўплываюць. Праўда, і аб’ёмы продажаў не радуюць вытворцаў. Не дзіва: цана новай машыны $13—15 тысяч.

Машыны пачалі даражэць

Аўтарынак ужо зрэагаваў на хуткае павелічэнне мытаў. Цэнавая планка на патрыманыя машыны на мінскім, брэсцкім і гродзенскім аўтарынках за тыдзень скокнула на 400—600 даляраў. На адным з самых вядомых беларускіх аўтарынкаў

у Гродне цэны за апошні месяц павысіліся больш чым на тысячу даляраў.

Уздым продажу пачаўся недзе з канца верасня, калі пайшлі размовы пра новыя мыты. Як прагназуюць гандляры аўто, да канца года цэны не спыняцца.

Туры па машыны

Існуюць спецыяльныя кампаніі, якія арганізоўваюць «туры па машыны». Як у Грэцыю турыстаў прывозяць купляць футры, так у Літву ладзяцца арганізаваныя паездкі для ахвотных прыдбаць аўто.

Паслуга каштуе каля $350. У гэтыя грошы ўваходзіць афармленне шэнгенскай візы, пражыванне ў гатэлі, транзітны нумар, паліва і страхаванне аўтамабіля… У Літву ўсе купцы адпраўляюцца разам з супрацоўнікамі кампаніі. Там спецыялісты наглядаюць аўтамабілі, афармляюць дакументы, і кліент вяртаецца ў Беларусь ужо на сваёй машыне.

Паколькі бліжэйшыя паўгода фізічныя асобы могуць прывозіць аўтамабілі па ранейшых мытах, у людзей з камерцыйнай жылкай з’явілася бізнэс‑ідэя. Трэба на ўсе грошы набрацца машын, а пасля ехаць прадаваць іх расіянам, якія ўсё яшчэ пакутуюць ад высокіх цэн. Паколькі аднаму чалавеку можна ўвозіць не больш за адну машыну ў год, у інтэрнэце павялічылася колькасць аб’яваў: «Шукаю кампаньёна для прыгону аўто». Паслуга ацэньваецца ў $50—100.

Найбольш папулярныя аўтарынкі ў Літве: Клайпеда, Марыямпаль і Гаруны пад Вільняй. Прыбярэжная Клайпеда славіцца машынамі проста з парома, які прыплыў з Германіі ці нават ЗША. Па літоўскай зямлі яны не праехалі ні кіламетра. Астатнія два рынкі — продаж еўрапейскіх машын з аўтавозаў.

Мытны саюз ударыў не толькі па беларусах, але і па літоўцах. Шмат хто з іх жыў за кошт аўтавозаў і далейшага продажу машын у Расію і Беларусь.

Беларускія аўтарынкі

Калі ехаць у суседнія краіны няма ні часу, ні жадання, ці розніца ў коштах некалькі тысяч даляраў не здаецца прынцыповай, можна адправіцца і на беларускія аўтарынкі. У краіне іх сем: «Малінаўка» і «Ждановічы» ў Мінску, «Бакунінскі» і «Асаўцы» каля Гомеля, а таксама брэсцкі, гродзенскі і віцебскі.

Чым бліжэй да Літвы, тым танней. Лічыцца, што на гродзенскім аўтарынку цэны найніжэйшыя. Праўда, і машыны там менш падрыхтаваныя. Адпаліраваныя да бляску, яны накіроўваюцца ў Мінск, дзе прадстаўлены найбольшы выбар.

Бязмытныя легкавушкі расійскай зборкі

У той час як мыты на заходнія аўто павялічацца, машыны, сабраныя ў Расіі, будуць увозіцца ў Беларусь наогул без мытаў. Мыты здымаюцца ў тым выпадку, калі прамысловая зборка дасягнула 30% лакалізацыі. На ўсе краіны‑ўдзельніцы Мытнага саюза будзе распаўсюджвацца расійскае заканадаўства ў галіне зборачнай вытворчасці, якое на дадзены момант рознае ў кожнай краіне. Паводле меркавання экспертаў, аб’ём зборкі аўто заходніх марак у Расіі не зможа задаволіць патрэбы беларускіх спажыўцоў. Цяпер у Расіі дзейнічае каля дзесятка заводаў, якія ажыццяўляюць зборку аўтамабіляў замежнай вытворчасці.

Ключавое пытанне, ці адпавядаюць аўтамабілі, сабраныя ў Расіі, якасці заходняй ці японскай зборкі? Пытанне амаль рытарычнае. Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскага меркавання праводзіў увесну апытанне па гэтай праблеме. Толькі 6% патрыётаў былі перакананыя, што расійская зборка — найлепшая ў свеце.


Сярод мінусаў расійскіх іншамарак называюць не толькі разгільдзяйскае стаўленне рабочых, кантроль за дзеяннямі якіх слабы. Прынцыповы момант — горшая якасць запчастак. Напрыклад, рамонт першых усеволжскіх Ford Focus II з праблемамі са счапленнем каштаваў 15% ад цаны новай машыны.

Аўтамабіляў расійскай зборкі на беларускіх рынках прадаецца няшмат. Дый цана на іх амаль не розніцца ад цэнаў на арыгінальныя патрыманыя аўто. Розніца не перавышае 2—3%.

Матэрыялы палос падрыхтавалі Вольга Жарнасек і Ягор Марціновіч

Аўтамабіль у крэдыт

Паколькі існуе забарона на выдачу фізічным асобам крэдытаў у валюце, усе грошы выдаюцца толькі ў беларускіх рублях.

Прапаноў ад банкаў хапае, толькі вось працэнты па іх не радуюць.

«Прыёрбанк» гатовы выдаць пад набыццё машыны ад $5000 да $35000 у рублёвым эквіваленце на пяць гадоў пад 25% гадавых. Банк крэдытуе не больш за 80% цаны аўто. Машыну можна купіць толькі ў юрыдычнай асобы.

«Белгазпрамбанк» дае крэдыт на 80% цаны новага аўтамабіля на 5 гадоў пад 22,5%—23,5%. На патрыманае аўто стаўка 23,5%—24,5%, а тэрмін — чатыры гады.

«БПС‑банк» — гэта крэдыт на пакупку толькі новага аўто. Умовы — 70% цаны машыны на 3 гады пад 27,5%.

У дакрызісныя часы стаўкі складалі 12—13% гадавых у валюце і 16—18% гадавых у беларускіх рублях.

Калі спецыяльны аўтакрэдыт банк не выдае, можна паспрабаваць узяць спажывецкі.

Часам крэдытныя прапановы робяць аўтацэнтры. Салон «Атлант‑М», які прадае «Фальксвагены», выдае грошы пад 20,8% гадавых на сем гадоў. Патрабаванне — афіцыйная праца ў Беларусі і даведка аб даходах.

Большасць аўтацэнтраў супрацоўнічаюць з канкрэтнымі банкамі і проста дапамагаюць аформіць усе патрэбныя дакументы. Напрыклад, цэнтр «Рэно» працуе з «Белросбанкам», а «Таёта» прапануе выбар між «Франсабанкам», «БТА Банкам» і тым самым «Белросбанкам».

Расійскія заводы, якія збіраюць заходнія аўто

1. Завод канцэрна FordMotor (Усеволажск) — FordFocus. 125 тыс. машын за год.

2. ЗАТ «Аўтатор» (Калінінград) — KIAMotors, BMW і GeneralMotors. За студзень‑лістапад 2008 г. — 101,1 тыс. машын.

3. ЗАТ «GM‑АўтаВАЗ» (Тальяці) — GeneralMotors ( ChevroletNiva і ChevroletViva). 55 тыс. аўто (2007).

4. ААТ «Аўтафрамас» (Масква) — Renault Logan. За студзень‑лістапад 2008 — 71,8 тыс.

5. Аўтамабільная кампанія Sollers — FiatAlbea, Ssang Yong Rexton, Ssang Yong Kyron і Ssang Yong Actyon.

6. ТАА «ТагАЗ» (Таганрог) — Hyundai Accent, Hyundai Sonata, Hyundai Santa Fe Classic, Hyundai Elantra XD.

7. Завод Volkswagen (Калуга) — WV Passat, Skoda Octavia і Skoda Octavia Tour. Да 2010 магутнасць завода павінна ўзрасці да 150 тыс.

8. ААА «Аўтамабільная кампанія «Дэрвейс» (Чаркеск) — Lifan 7160.

9. ААА «Таёта Мануфэкчурынг Расія» (Шушары пад Санкт‑Пецярбургам) — Toyota Camry. 50 тыс. у год.

10. Аўтамабільны завод General Motors (Шушары) — Chevrolet Captiva і Opel Antara. Разлічаны на 40 тыс. аўто ў год, але днямі канвеер быў спынены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0