Трынаццаць гадоў у калоніі павінен адсядзець 39-гадовы маладзечанец Дзмітры Ц.,
якога суд Вілейскага раёна прызнаў вінаватым у гвалтоўных сэксуальных дзеяннях з маленькімі дзяўчынкамі ў Вілейцы і Смаргоні.
Суд даказаў пяць эпізодаў злачынстваў, здзейсненых у 2005, 2006 і 2008 гадах.
Прыгавор быў вынесены 19 кастрычніка. Асуджаны абскардзіў яго ў суд Мінскай вобласці. Вышэйшая судовая інстанцыя пакінула прыгавор без змяненняў, і 27 лістапада ён уступіў у законную сілу.
Злачынствы былі раскрытыя падчас расследавання згвалтавання і забойства маладзечанскай дзевяцікласніцы ў чэрвені 2009 года ля чыгуначнага прыпынку «Фестывальны». Дзмітры не мае адносінаў да таго здарэння, а праведзенае расследаванне даказала, што свае злачынствы ён здзяйсняў у пад'ездах шматкватэрных дамоў.
Першай пацярпела сямігадовая дзяўчынка на вуліцы Камарова ў Вілейцы 19 мая 2005 года.Другой ахвярай злачынцы стала пяцігадовая дзяўчынка.
Яе Дзмітры дамагаўся 19 чэрвеня 2005 года ў Вілейцы на вуліцы Кастрычніцкай.
Наступнае злачынства – 3 ліпеня 2006 года ў Смаргоні на вуліцы Чапаева.
Тады пацярпела шасцігадовая дзяўчынка.
У Вілейку маньяк вярнуўся 17 ліпеня 2006 года.
На вуліцы 1 Мая яго ахвяры было сем гадоў.
Апошняе, пятае злачынства, Дзмітры здзейсніў 9 сакавіка 2008 года ў Смаргоні на вуліцы Пагранічнікаў.
Пацярпелай дзяўчынцы было шэсць гадоў.
Затрымалі Дзмітрыя ў чэрвені 2009 года. Абвінавачанне прад'явілі па трэцяй частцы 167 артыкула Крымінальнага кодэкса – «гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, здзейсненыя ў адносінах да заведама малалетніх».
Згодна з праведзенай псіхіятрычнай экспертызай, мужчына знаходзіцца ў стане свядомасці, але пакутуе ад сэксуальнага расстройства – педафіліі.
На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Акрамя прызнання, віну пацвердзілі сведкі, якія бачылі Дзмітрыя на вуліцах Вілейкі і Смаргоні ў час, калі былі здзейсненыя злачынствы.
Адбываць пакаранне Дзмітры будзе ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.